25 ліпеня ў пасольстве Украіны ў Беларусі прайшоў круглы стол пад назвай «Ці існуе так званая Наваросія? Этнічная і моўная сітуацыя ў паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Украіны».

Пасол Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежэль.

Пасол Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежэль.

Круглы стол быў арганізаваны, каб на падставе навуковых сведчанняў абмеркаваць, наколькі канцэпт «Наваросіі» як спрадвечна расійскіх земляў мае пад сабой гістарычны і этнаграфічны падмурак. Гэты тэзіс апошнім часам актыўна навязваецца расійскай дзяржаўнай прапагандай.

На круглы стол былі запрошаны прадстаўнікі беларускай навуковай і творчай інтэлігенцыі, сябры ўкраінскай дыяспары ў Беларусі.

«Гэтымі днямі пільная ўвага павернута да Украіны і таго, што адбываецца на яе тэрыторыі. Далейшае разгортванне падзей будзе мець значэнне для ўсяго свету. Ніхто не мог сасніць і ў кашмары, што Расія адбярэ ва Украіны Крым і будзе далей развязваць з ёй вайну, а мы атрымаем вал гебельсаўскай прапаганды.

Асноўнымі пунктамі гэтай прапаганды ёсць паказаць украінцаў вылюдкамі-фашыстамі, якія катуюць і забіваюць нявінных людзей, а таксама паказаць Расію як абаронцу «рускага міру».

У звязку з гэтым узнікла шмат інфармацыі пра Наваросію як спрадвечную рускую тэрыторыю. Многія беларусы не вераць расійскім СМІ, аднак інфармацыі ўсё адно не хапае. Таму, на жаль, расійская прапаганда мае вялікі ўплыў у Беларусі», — акрэсліла праблемнае поле мадэратарка сустрэчы пісменніца Наталка Бабіна.

Удзельнікаў круглага стала таксама павітаў пасол Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежэль. Ён прапанаваў зладзіць хвіліну маўчання ў памяць 298 чалавек, якія загінулі ў авіякатастрофе малайзійскага «Боінга» ў мінулы чацвер.

Затым з дакладамі выступілі беларускія навукоўцы.

Віктар Кахновіч. 

Віктар Кахновіч. 

Дацэнт БДУ і кандыдат гістарычных навук Віктар Кахновіч расказаў прысутным пра гісторыю з'яўлення назвы «Наваросія».

Гісторык патлумачыў, што гэтая назва з'явілася пасля далучэння Расійскай Імперыяй тэрыторыі сучаснай Усходняй Украіны і Крыма і стварэння Наварасійскай губерніі ў 1764 годзе. «Гэтая назва ўжывалася да пачатку XX стагоддзя, калі за савецкім часам украінскія гісторыкі прызналі, што тэрмін «Наваросія» атаясамліваецца з імперскім часам і сталі выкарыстоўваць замест яго назву Усходняя Украіна», — сказаў Кахновіч.

Фёдар Клімчук. 

Фёдар Клімчук. 

Віктар Кахновіч і старэйшы навуковы супрацоўнік інстытута мовазнаўства імя Ф.Скарыны Фёдар Клімчук заўважылі, што і ў XIX стагоддзі, і цяпер больш за 70% насельніцтва тэрыторыі «Наваросіі» складаюць этнічныя ўкраінцы. Выключэннем з'яўляюцца толькі Данецк, дзе расійцаў больш за ўкраінцаў (48 і 46% адпаведна), і Луганск, у якім жыве 50% украінцаў і 47% расійцаў.

«Таму этнічна і гістарычна называць гэтыя землі Наваросіяй нельга», — рэзюмаваў гісторык Кахновіч.

Аляксей Ластоўскі. 

Аляксей Ластоўскі. 

Аднак кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі, які з'яўляецца старэйшым навуковым супрацоўнікам даследчыцкага інстытута «Палітычныя сфера» закрануў важную праблему самаідэнтыфікацыі і гістарычнай памяці насельніцтва Данбаса.

У шматгадовым параўнальным сацыялагічным даследаванні жыхароў Львоўскай і Данецкай абласцей было высветлена, што жыхары Данецкай вобласці маюць мацнейшую рэгіянальную ідэнтычнасць. На дадзены момант каля 70% з іх у першую чаргу ўсведамляюць сябе жыхарамі Данбаса. Таксама жыхары гэтай вобласці лічаць, што менавіта Данбас мусіць быць узорам для далейшага развіцця Украіны, а большасць данбасцаў упэўнена, што Данецкая вобласць была б багацейшая, каб не ўваходзіла ў склад Украіны.

Першая сакратарка пасольства Украіны ў Беларусі Марыя Гуцала расказвала пра міфы, створаныя расійскай прапагандай. 

Першая сакратарка пасольства Украіны ў Беларусі Марыя Гуцала расказвала пра міфы, створаныя расійскай прапагандай. 

«Цяпер жа на жыхароў Данецкай вобласці масіравана ўздзейнічае расійская прапаганда. Паводле дадзеных за сакавік гэтага года, 73% жыхароў Данецкай вобласці лічаць «Правы сектар» вайсковай арганізацыяй, якая мае вялікі ўплыў на ўладу і пагражае Украіне. Таксама вельмі нізкая падтрымка еўраінтэграцыі. Гэты накірунак знешняй палітыкі падтрымліваюць толькі 10% жыхароў Данецкай вобласці. Таму пасля заканчэння АТА ўкраінскім уладам неабходна прыкласці вялікія высілкі, каб паспяхова інтэграваць дадзены рэгіён у склад краіны», — падсумаваў Ластоўскі.

Пасля дакладаў адбылася кароткая дыскусія, галоўнай тэмай якой стала немагчымасць супрацьстаяць расійскай прапагандзе навуковымі звесткамі і тым самым уплываць на грамадскае меркаванне. Некаторыя выказваліся за выкарыстанне зброі праціўніка супраць яго ж, то бок за выкарыстанне ўкраінскай прапаганды для барацьбы з расійскай. Аднак такі пункт гледжання не знайшоў шырокай падтрымкі.

Ігар Бабкоў. 

Ігар Бабкоў. 

«Інтэлектуалы і людзі культуры, 99% маіх знаёмых падтрымліваюць Украіну, бо добра разумеюць, хто агрэсар. Інтэлектуала не падмануць прапагандай.

Праблема якраз з асноўнай масай насельніцтва, якая глядзіць тэлебачанне. Навуковыя даклады тут не дапамогуць. Але гэтыя даклады — вялікая мудрасць. Адна справа станавіцца на ўзровень Расіі, ствараць новыя міфы. Але гэта не выйсце для Беларусі. Бо беларусы не за Расію.

Я лічу, што неабходным сродкам можа стаць асіметрычны пазітыўны адказ пад назвай «Зразумець Украіну». Можна абвесціць, напрыклад, год украінскай культуры ў Беларусі. Беларускія ўлады займаюць пазітыўна-нейтральную пазіцыю. Яны не будуць весці антыпрапаганду. Але і Шаўчэнку забараняць не стануць.

Можна зняць на відэа той жа даклад пра імперскія карані Наваросіі і выкласці яго ў інтэрнэт, каб людзі мелі доступ да інфармацыі. Але нельга гістэрыць», — падзяліўся сваімі думкамі аб магчымых кроках дзеяння ў барацьбе супраць антыўкраінскай прапаганды пісьменнік Ігар Бабкоў.

Ідэю пашырэння культурнай пляцоўкі для распаўсюду праўдзівай інфармацыі аб сітуацыі ва Украіне падтрымаў і пасол Міхаіл Ежэль. Ён анансаваў правядзення падобных мерапрыемстваў гэтай восенню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?