Нядаўна «НН» прыйшоў наступны ліст: «Шаноўная Рэдакцыя! Зрабіце артыкул, у якім размясціце фоты прадстаўнікоў кіраўнічых колаў «ДНР» і «ЛНР», каб людзі пабачылі іхныя твары», — напісаў чытач Ілля Параскевіч.

Сапраўды, цікава, што за людзі «змагаюцца за незалежнасць» украінскіх абласцей?

Ужо некалькі месяцаў іх не могуць вытурыць з занятых месцаў ды вызваліць тэрыторыю. Калі крыху капнуць біяграфіі дзеячаў, то бачна, што амаль усе яны — з Расіі. Гэта разбурае міф, што змагаюцца самі ўкраінцы.

У Данецку 11 ліпеня прайшло вяселле «палявога камандзіра» Арсена Паўлава (мянушка — Матарола) з дзяўчынай Аленай. Важным атрыбутам строяў маладых была зброя.

Матарола — 30-гадовы ўраджэнец Рэспублікі Комі Расіі. Служыў у марской пяхоце, браў удзел у антытэрастычных аперацыях у Чачні. За абарону Славянска ўзнагароджаны «Георгіеўскім крыжам ДНР». У інтэрнэце жартавалі, што гэта нагадвала сцэну з фільма «Вяселле ў Малінаўцы». Хай бы і ажаніўся, але на радзіме ў яго ўжо ёсць жонка і дзіця.

Аляксандр Мажаеў, ці, як яго часцей называюць, Казак Бабай. Гэта не стары дзед, Мажаеву ўсяго 36 гадоў. Проста імідж такі.

Ён родам з Расіі, з Краснадарскага края, актыўны ўдзельнік казацкага руху. У Расіі знаходзіцца ў федэральным вышуку за спробу забойства, што і было галоўнай прычынай паехаць спачатку ў Крым, а пасля — на ўсход Украіны. Па некаторых звестках, Мажаеў браў удзел ва ўзброеным канфлікце ў Грузіі ў 2008 годзе. У пачатку ліпеня, калі ўкраінцы ўдарылі па Славянску, Казак Бабай дэзерціраваў і цяпер недзе хаваецца.

Ігар Безлер («Бес ) — падпалкоўнік расійскай арміі ў адстаўцы. Удзельнічаў у афганскай вайне. Некалькі гадоў таму ён быў звольнены ў запас. Прынамсі, была легенда, што звольніўся. Пераехаў жыць у Горлаўку, валодаў прадпрыемствам рытуальных паслуг.

Менавіта група на чале з Безлерам здзейсніла напад на калону ўкраінскіх вайскоўцаў пад Валнавахай, дзе загінула 16 чалавек. Ён быў сярод арганізатараў забойства дэпутата Горлаўскай мясцовай рады Рыбака, якому ўспаролі жывот і жывым патапілі. Спрабаваў захапіць уладу ў Данецку, але стуль яго выбілі.

Ігар Стралкоў-Гіркін — міністр абароны «ДНР». Нарадзіўся ў Маскве, праходзіў службу ва ўзброеных сілах Расіі. Пісалі, што ён палкоўнік ГРУ, сам ён сцвярджае, што служыў у ФСБ.

Ягонае хобі — вайсковая рэканструкцыя і гісторыя Белага руху — вадзіла яго ў шматлікія падарожжы. Ваяваў у Прыднястроўі, Босніі і Чачні. Па інфармацыі Бі-бі-сі, апошнім месцам працы Гіркіна было ўпраўленне па барацьбе з міжнародным тэрарызмам ФСБ.

Аляксандр Барадай — прэм’ер-міністр «ДНР».

Расійскі палітолаг і журналіст, які працаваў разам са Стралковым у Дагестане і Чачні ў 1999, што можа быць аргументам ягонай прыналежнасці да ФСБ таксама.

Сяргей Здрылюк — намеснік камандуючага ўзброеных сілаў «ДНР». Мянушка — Абвер.

Адзін з нешматлікіх украінцаў сярод лідараў баевікоў. Усё свядомае жыццё пражыў у Крыме і жанаты з рускай жанчынай. Афіцэр вайсковай выведкі СБУ ў адстаўцы.

Павел Губараў — «народны губернатар Данецкай вобласці», кіраўнік «Народнага апалчэння Данбаса».

Родам з Севераданецка, быў актыўным удзельніка неафашысцкай арганізацыі «Рускае нацыянальнае адзінства». Быў арыштаваны ўкраінскімі спецслужбамі, але ў выніку абменены на палонных супрацоўнікаў СБУ. У палітычных поглядах называе сябе прыхільнікам Уладзіміра Пуціна, а таксама палітычных ладаў Беларусі, Венесуэлы і царскай Расіі.

Валерый Болатаў — кіраўнік «ЛНР». Браў удзел у баявых дзеяннях у «гарачых кропках» — Тбілісі, Ерэван, Нагорны Карабах.

Паводле звестак Службы бяспекі Украіны, Болатаў увайшоў у склад сфармаванай ФСБ і ГРУ дыверсійнай групы, перад якой «ставіліся задачы збору разведвальнай інфармацыі аб размяшчэнні і перадыслакацыі ўкраінскіх вайсковых частак, радыёлакацыйных станцый, арганізацыя тэрактаў, блакіроўкі ваенных калон».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?