Укрыжаванне на плошчы, якой няма

У нядзелю, 13 ліпеня, на «Першым канале» ў эфіры была расказаная гісторыя пра трохгадовага хлопчыка, сына апалчэнца ДНР, укрыжаванага ў Славянску на дошцы аб’яваў украінскімі вайскоўцамі.

«Цэнтр горада. Плошча Леніна. Наш гарвыканкам — гэта адзіная плошча, куды можна сагнаць усіх людзей… Узялі дзіця трох гадоў, хлопчыка маленькага ў трусіках і футболцы, як Ісуса, на дошку аб’яваў прыбілі, — расказвала ў эфіры «Галіна Пышняк са Славянска, маці чатырох дзяцей, ураджэнка Заходняй Украіны». — Адзін прыбіваў, двое трымалі. І мама глядзела, як дзіця сыходзіць крывёй. І яшчэ ўзялі надрэзы зрабілі, каб дзіця мучылася… А потым, калі праз паўтары гадзіны дзіця сканала, узялі маму, прывязалі да танка і па плошчы тры кругі правялі…»

Галіна Пышняк.

Галіна Пышняк.

Плошчы Леніна ў Славянску няма. Гарвыканкам стаіць на плошчы Кастрычніцкай рэвалюцыі. Жыхары Славянска, як высветлілі пасля журналісты, пра дзікі выпадак не чулі, а на словы «Першы канал» рэагуюць мацерна. У акаўнце Галіны Пышняк (дзявочае прозвішча Астапенка) на mail.ru пазначана, што яна жыве не ў Славянску, а ў Данецку. Або, можа, у пасёлку Мікалаеўка? Такі адрас «Укантакце» яе мужа, Канстанціна Пышняка, які служыў у данецкім «Беркуце», а цяпер, можна меркаваць па фота, у шэрагах сепаратыстаў. А ў «Аднакласніках» інтэрнаўты знайшлі яшчэ Галіну Пышняк з Абухава Кіеўскай вобласці, вельмі падобную. Пасля рэпартажа, дарэчы, акаўнт знік. Адкуль бы ні была Галіна, яна не са Славянска.

Аўтар сцэнарыя — Дугін

Гісторыю пра ўкрыжаванне за тры дні да з’яўлення сюжэта па ТВ апублікаваў у сваім Фэйсбуку Аляксандр Дугін. Філосаф-шавініст, якога называюць адным з ідэолагаў сённяшняй расійскай улады, выклаў яе ў форме маналога жанчыны, сяброўка якой «асабіста бачыла» расправу «ўкраінскіх карнікаў» у Славянску. Праўда, хлопчык быў шасцігадовы. Тамсама гаварылася пра тое, што ў Славянску расстрэльваюць усіх мужчынаў да 35 гадоў. Пры канцы — просьба распаўсюдзіць інфармацыю як мага шырэй і перакласці на замежныя мовы. «Хлусня, паўтораная тысячу разоў, робіцца праўдай», — казаў Гебельс.

Інтэрнаўты адразу ж знайшлі і крыніцу натхнення Дугіна: гісторыя пра ўкрыжаванне дзяцей ёсць у папулярным серыяле-фэнтэзі «Гульня прастолаў». Хоць, магчыма, карані сюжэта — у чарнасоценскай мане пачатку ХХ стагоддзя. Напрыклад, у жыціі шасцігадовага мучаніка Гаўрылы Беластоцкага, нібыта ўкрыжаванага яўрэямі ў рытуальных мэтах і кананізаванага ў 1820-м. Такія гісторыі правакавалі яўрэйскія пагромы ў Расійскай Імперыі. Шавіністы наўмысна пашыралі чуткі пра тое, што жыды п’юць кроў хрысціянскіх немаўлятаў ды распінаюць маладых дзяўчат.

Навальны: іх трэба судзіць

Лідар расійскай апазіцыі Аляксей Навальны назваў журналістаў, якія выдумалі сюжэт пра ўкрыжаванне, «чокнутымі вычварэнцамі» і заклікаў іх судзіць. «Людзі, якія падобнае ладзяць, — небяспечныя для грамадства, і тое, што яны робяць, — крымінальнае злачынства», — заявіў Навальны.

Галіну Пышняк знайшла растоўская журналістка «Першага канала» Юлія Чумакова. Кідаецца ў вочы яе дзіўная «незацікаўленасць»: зладзейства такога маштабу вымагае поўнага раскрыцця — з імёнамі і адрасамі ахвяраў і катаў, падрабязнымі аповедамі сведкаў. Журналістка ж толькі спачувальна ківае Галіне Пышняк ды пытаецца, ці не страшна ёй.

Юлія Чумакова — аўтарка сюжэта пра ўкрыжаванне.

Юлія Чумакова — аўтарка сюжэта пра ўкрыжаванне.

Таксама падчас інтэрв’ю Пышняк падкрэслівае, што «рускія не ваююць, рускіх няма, гэта рабацягі-шахцёры паўсталі», хоць абаронай Славянска кіраваў грамадзянін РФ і былы супрацоўнік ФСБ Гіркін.

«Трэба не вайной ісці, а дамаўляцца», — кажа Пышняк. Словы пра «перамовы» гучаць рэгулярна з тае пары, як антытэратрыстычныя сілы пачалі наступ на ўсходзе Украіны.

Новы хіт Кісялёва

Сваім сюжэтам Чумакова забрала лаўры ў самага адыёзнага расійскага прапагандыста часоў украінскай вайны Дзмітрыя Кісялёва. Звычайна самую абсурдную ману агучвае менавіта ён. Але ў параўнанні з укрыжаваннем трохгадовага нават яго апошні сюжэт глядзіцца досыць блякла.

Дзмітрый Кісялёў.

Дзмітрый Кісялёў.

У сваёй праграме «Весткі тыдня з Дзмітрыем Кісялёвым» на тэлеканале «Расія 24» ён расказаў пра тое, што ўкраінскія вайскоўцы нібыта пастаўляюць у Германію чалавечыя органы. Займаецца гэтым, паводле Кісялёва, Сяргей Уласенка, былы адвакат Юліі Цімашэнкі. Ён прадае органы нямецкаму доктару Вользе Вібер «у абмен на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне». А пастаўляе органы камандзір добраахвотніцкага батальёна «Данбас» Сямён Сяменчанка, выразаючы іх, ясная справа, у яшчэ жывых апалчэнцаў ДНР і мірнага насельніцтва.

«Не прысылайце алкаголікаў»

«Цяпер, па версіі тэлеканала «Расія», у мяне ёсць бізнэс, — іранізуе Сяменчанка ў Фэйсбуку. — Карыстаючыся выпадкам, хачу папрасіць улады РФ не прысылаць у якасці тэрарыстаў алкаголікаў з РФ. На іх пячонкі падаюць цэны».

Вольга Вібер — рэальная жыхарка Германіі, уся інфармацыя пра яе, агучаная Кісялёвым, была ўзятая з інтэрнэту. «Я не доктар, я не ведаю Уласенкі і Сяменчанкі. І наогул, сам тэкст — «замова на 15 сэрцаў, 63 ныркі» і да т.п. — гэта поўная бязглуздзіца. Гэта ж не мясная крама», — кажа Вольга.

Нямецкі журналіст Хорст Клойзер зрабіў радыёперадачу, у якой пагаварыў з Вольгай Вібер і звярнуўся ў федэральнае Міністэрства аховы здароўя Германіі, а таксама ў Нямецкі фонд трансплантацый органаў. Там яму пацвердзілі, што няма ніякіх прыкмет, якія б паказвалі на тое, што такі нелегальны гандаль мог мець месца.

«Кінуўся пад танк» праз тры гады пасля смерці

Мана паўтараецца тысячакроць. «Шакуючыя» навіны з Украіны множацца. Сайт stopfake.com, створаны, каб абвяргаць хлусню расійскіх СМІ, абнаўляецца амаль штодня. Ёсць і фэйкі, скіраваныя не на ачарненне ўкраінскай дзяржавы, а на гераізацыю прарасейскіх сепаратыстаў. Даходзіць да анекдатычных канфузаў, накшталт апісаных Вайновічам у аповесці пра салдата Чонкіна.

Напрыклад, гісторыя пра Аляксандра Скрабіна з Луганска, які, абвязаўшыся гранатамі, нібыта кінуўся пад украінскі танк, каб выратаваць таварышаў. Яе распаўсюдзіў верхавод славянскіх тэрарыстаў Ігар Гіркін-Стралок, а працытавалі ўсе вядучыя расійскія СМІ: «Комсомольская правда», «Інтэрфакс», «Весті». Было і фота героя. Праўда, хутка выявілася, што чалавек на фота, сапраўды, Аляксандр Скрабін з Луганшчыны, памёр яшчэ ў 2011. У яго акаўнце на «Аднакласніках» ёсць спачуванні ад сяброў, датаваныя тым часам.

Калі гэта ўсплыло, інтэрнэт-прапагандысты не здаліся і апублікавалі фота пахавальнай працэсіі з «труной Скрабіна на фоне роднай шахты». Але і тут канфуз: на сайце адміністрацыі Луганскай вобласці знайшоўся арыгінал здымка. Ён ілюстраваў паведамленне 2011 года пра гібель шахцёраў на шахце «Сухадольская-Усходняя».

Чаму, можна спытацца, прапагандысты так неахайна рыхтуюцца? З іх сюжэтаў «тырчаць белыя ніткі» там і сям. І на гэта пытанне даваў адказ Гебельс.

«Мы дабіваемся не праўды, а эфекту, — казаў ён. — І ўдарыць трэба так, каб ашмёткі паляцелі». Бо сто чалавек правераць інфармацыю, а дзясяткі тысяч — проста павераць у нечалавечую хлусню. Асабліва, калі яе паўтораць усе «вартыя даверу» «салідныя» «тыражныя» СМІ. Як там у Гебельса? «Дайце мне сродкі масавай інфармацыі і я з любога народа зраблю статак свіней».

Пуцін: Гебельс — таленавіты чалавек

Уладзімір Пуцін на сустрэчы з прадстаўнікамі міжнародных грамадскіх і рэлігійных арганізацый назваў Гебельса «таленавітым чалавекам». Разважаючы пра «фальсіфікацыю гісторыі» (маецца на ўвазе адрозны ад афіцыйнага расійскага погляд на Другую сусветную вайну), Пуцін працытаваў Гебельса: «Чым неверагоднейшая хлусня, тым хутчэй у яе павераць». А следам Гебельса і пахваліў: «Ён дабіваўся свайго, ён быў таленавіты чалавек».

* * *

Ёзэф Гебельс (1897—1945) рэйхсміністр народнай асветы і прапаганды нацысцкай Германіі (1933—1945). Меў неабмежаваны кантроль над усімі сферамі культурнага жыцця немцаў — у першую чаргу кіно і радыё. У сваіх прамовах, перакручваючы факты, апраўдваў злачынствы нацыстаў. 30 красавіка 1945, пасля самагубства Гітлера, стаў кіраўніком Нямеччыны. Спрабаваў заключыць перамір’е са Сталіным. Атрымаўшы адмову, 1 мая атруціўся з усёй сям’ёй (жонка і шасцёра дзяцей) у бункеры Гітлера. Целы былі пахаваныя на тэрыторыі савецкага вайсковага гарадка. Перад перадачай яго Германіі ў 1970 іх адкапалі і спалілі, а попел развеялі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?