Міністр замежных спраў Уладзімір Макей адзначае зашоранасць еўрапейскіх палітыкаў адносна Беларусі, але лічыць, што рана ці позна Еўрасаюз адменіць аднабаковыя санкцыі.

Аб гэтым ён заявіў у інтэрв'ю праграме «Тыдзень» тэлеканала «СТБ».

Міністр, у прыватнасці, адказаў на пытанне аб сваім удзеле ў міністэрскай сустрэчы «Усходняга партнёрства» і выказаў меркаванне, наколькі змяняецца пазіцыя Захаду адносна Беларусі.

«Усходняе партнёрства» на гэтым этапе для нас з'яўляецца неабходным фарматам узаемадзеяння з Еўрапейскім саюзам. І мы маем намер прадаўжаць удзельнічаць у гэтай ініцыятыве, пакуль яна будзе адпавядаць нашым нацыянальным інтарэсам. Гэта добрая пляцоўка для давядзення свайго пункту гледжання, пашырэння рэальных праектаў, якія маглі б мець аддачу і карысць для канкрэтных грамадзян нашай краіны. Мы спакойна працуем у рамках ініцыятывы «Усходняе партнёрства» з усімі нашымі партнёрамі на постсавецкай прасторы і калегамі з Еўрапейскага саюза», - сказаў Уладзімір Макей.

«Сапраўды, апошнім часам з улікамі сітуацыі ў рэгіёне і ў свеце ў цэлым адносіны да Беларусі змяніліся ў лепшы бок, і гэта было відавочна ў ходзе майго знаходжання ў Бруселі ў час апошняга пасяджэння Савета міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза і «Усходняга партнёрства», - сказаў міністр. - На жаль, прынцыпова падыходы да Беларусі не змяніліся. І прычыну гэтага я бачу ў існуючай дагэтуль зашоранасці еўрапейскіх палітыкаў адносна Беларусі. Мы заяўлялі аб гэтым адкрыта і ў ходзе пасяджэння. Але я думаю, што час, у любым выпадку, лечыць, і рана ці позна Еўрасаюз адменіць аднабаковыя санкцыі адносна Беларусі, як мы таго і патрабуем».

«Цяпер для нас важна стварэнне нармальнай пазітыўнай атмасферы для далейшага развіцця нашага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам, таму што Еўрапейскі саюз для нас з'яўляецца другім важным партнёрам пасля Расіі, і мы маем намер будаваць сваю работу з ім на аснове раўнапраўнага, спакойнага, паважлівага дыялогу, не адступаючыся ад сваіх прынцыпаў і нацыянальных інтарэсаў», — дадаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.-

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?