Гэтым летам, як і ў папярэднія гады, у Мінску, ды і ў іншых гарадах краіны, становіцца актуальнай праблема барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага. Гэтая атрутная расліна наносіць шкоду не толькі людзям, якія маюць няшчасце дакрануцца да яе якой-небудзь часткай цела, але таксама і эканоміцы краіны: толькі сёлета плануецца выдаткаваць на барацьбу з баршчэўнікам 800 млн рублёў. Летась было выдаткавана 730 млн. І гэта толькі ў сталіцы!

А першапачаткова баршчэўнік завозіўся ў Беларусь у якасці корму для жывёлы і лічыўся ледзь не самым перспектыўным відам, прыдатным для ўжывання скацінай. Дарэчы, гэта не адзіны такі прыклад правальнай інтрадукцыі, які прывёў да не самых радасных наступстваў для экасістэм, у якія штучна ўкараняліся новыя віды.

З баршчэўнікам кашы не зварыш

Баршчэўнік Сасноўскага першапачаткова рос на Каўказе, у закаўказскім рэгіёне і ў Турцыі. Ён прыцягнуў увагу савецкіх спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі ў першую чаргу сваёй трываласцю: расліна выдатна расце нават у халодным клімаце.

Упершыню ён быў інтрадуцыраваны ў паўночна-заходніх рэгіёнах РСФСР у 1947 годзе. Затым пачалося распаўсюджванне баршчэўніка ў Беларусі, Украіне, краінах Балтыі. Завезлі яго нават у ГДР. Першапачаткова баршчэўнік выкарыстоўваўся як сіласная культура, а ў батанічных садах расліну культывавалі як дэкаратыўную. Аднак неўзабаве баршчэўнік, жывучы і непатрабавальны, пачаў распаўсюджвацца на вялікія тэрыторыі.

Немалаважным з’яўляецца таксама і той факт, што расліна мае здольнасць да самаапылення, а таксама высокую «пладавітасць» (штогод адна расліна дае каля 30 тысяч пладоў). З-за свайго імклівага росту і распаўсюджвання баршчэўнік хутка душыць амаль усё, што расце па суседстве з ім, каб працягнуць сваю экспансію. Складанасць барацьбы з баршчэўнікам яшчэ і ў тым, што не ўсё яго насенне прарастае вясной наступнага года. І калі баршчэўнік быў знішчаны, то насенне, якое засталося на гэтым месцы, можа прарасці нават праз 12 гадоў.

Акрамя таго, што баршчэўнік захоплівае новыя тэрыторыі і душыць мясцовыя віды раслін, ён з’яўляецца атрутным і здольны нанесці шкоду чалавеку пры дотыку да скуры. Пры гэтым апёк можа з’явіцца як праз некалькі хвілін пасля кантакту з раслінай, так і праз суткі — тады, калі на пашкоджаны ўчастак патрапяць сонечныя промні. Спачатку адчуваецца моцная пякота, затым скура чырванее, пад ёй утвараецца вадкасць, з’яўляюцца пухіры. Пасля таго, як яны сыхо-дзяць, скура набывае буры колер. І такія пашкоджанні не праходзяць каля двух месяцаў. Вось такая кармавая культура. Наеліся, карацей кажучы.

Мішэнь для браканьераў

Каб добра карміць не толькі скаціну, але і некаторыя катэгорыі сваіх грамадзян, у СССР быў праведзены яшчэ адзін эксперымент з перасяленнем. Спробы адаптаваць камчацкага краба, распаўсюджанага ля ўсходніх берагоў Саюза, у Баранцавым моры адбыліся ў 1960-х гадах ХХ стагоддзя.

Краб пачаў абжывацца актыўна. На сённяшні дзень яго папуляцыя ў Баранцавым моры больш чым у тры разы перавышае далёкаўсходнюю! Вядома, камчацкі краб — каштоўны від, мяса якога лічыцца далікатэсам і каштуе немалых грошай. Вось толькі такое нашэсце чужародных крабоідаў можа няслаба падпсаваць мясцовую экасістэму. Напрыклад, краб, з’яўляючыся драпежнікам, ужо паспяхова знішчае ікру некаторых каштоўных прамысловых рыб, такіх як траска, з-за чаго іх папуляцыя зніжаецца.

Цяпер прыхадзень ужо дабраўся ажно да Лафатэнскіх выспаў. На сённяшні дзень рост колькасці краба рэгулюецца не столькі квотамі на промысел (якія, дарэчы, былі прадметам спрэчак паміж Расіяй і Нарвегіяй, якая прызнала краба шкодным прыхаднем, які павінен быць цалкам вынішчаны), колькі браканьерствам сур’ёзных маштабаў. Такім чынам, свет можа стаць сведкам унікальнага выпадку — браканьеры выратуюць экасістэму мора!

Малы ды ўдалы

Яшчэ адным «выдатным» эксперыментам з’яўляецца спроба акліматызацыі ратана ў еўрапейскай частцы Расіі.

Першапачатковае асяроддзе пасялення гэтай рыбы — паўночны ўсход Кітая, частка Карэі, а таксама далёкаўсходні рэгіён Расіі. Адным словам, зусім не еўрапейскі від. У 1980-х гадах ратан быў заселены і ў Беларусі. На сённяшні момант гэты від рыбы распаўсюдзіўся ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, апанаваў большую частку тэрыторыі Расіі.

Ратан лічыцца шкоднай рыбай, якая імкліва выцясняе мясцовыя віды. Справа ў тым, што ратан — рыба драпежная і ненажэрная — есць ікру і малькоў іншых рыб, у тым ліку і каштоўных парод. Добра, што ратан не грэбуе і ўласнай ікрой і маладняком (часам іх аб’ём можа дасягаць 80% у рацыёне), інакш ён бы мог стаць ці не адзіным відам рыбы ў некаторых вадаёмах.

Ратан — рыба невялікая. Мае памер да 25 см і вагу да 350 г. Ён можа спакойна (хоць куды там спакойна, даволі актыўна) жыць і пладзіцца ў забруджаных вадаёмах. Холад яго таксама не бярэ: здараліся выпадкі, калі ратан умярзаў ў лёд, аднак потым адтайваў і жыў сабе далей. Тая ж сітуацыя і з засухай.

Наступствы ад з’яўлення ратана ў вадаёмах не самыя суцяшальныя — прыхадзень аператыўна зніжае колькасць іншых рыб, у той час як яго самога прамысловым назваць ну ніяк не атрымліваецца. Хоць у наро-дзе ўжо маюцца розныя віды яго перапрацоўкі: сушка, смажанне, нават выраб катлет. Што цікава, ратан ужо паспеў стаць зброяй у класавай барацьбе. Так, у 2011 го-дзе ў Бардзюжскім раёне Цюменскай вобласці Расіі мясцовыя жыхары, незадаволеныя дзеяннямі губернатара, па ўказе якога ўсе рыбныя азёры рэгіёна былі здадзеныя ў арэнду (у выніку чаго доступ звычайных людзей да азёраў быў абмежаваны), запусцілі ў гэтыя самыя азёры ратана. Які ў кароткія тэрміны абжыўся і выцесніў амаль усю іншую рыбу.

Чума на нашых ракаў

З распаўсюджваннем гэтага віда наогул выйшла феерычная гісторыя. Справа ў тым, што ў 1870-х гадах спачатку па Францыі, а потым і па ўсёй Еўропе пракацілася рачыная чума, якая забрала жыцці велізарнай колькасці ракападобных: у некаторых рэгіёнах ракі зніклі зусім. Не абышла пошасць і Расійскую Імперыю. Так што беларускім ракам таксама салодка не прыйшлося. І пасля такога спусташэння рачыную папуляцыю ў Еўропе вырашылі аднавіць шляхам завозу з ЗША амерыканскага сігнальнага рака. Вось толькі позна высветлілася, што дадзены від рака з’яўляецца пераносчыкам гэтай самай рачынай чумы, аднак сам застаецца да яе неўспрымальным.

Цяпер гэты рак лічыцца адным з самых небяспечных інвазіўных відаў у Еўропе, з ім змагаюцца ў 25 краінах кантынента. А ў Даніі ён цалкам выцесніў мясцовыя віды ракаў.

Дарэчы, сваю назву гэты від рака атрымаў з-за белай або сіне-зялёнай плямы, размешчанай на суставе яго клюшні, якая і нагадвае сцяг сігнальшчыка. Гэты від больш пражэрлівы (нават здольны есці больш дробных суродзічаў), устойлівы да забруджвання вады і недахопу кіслароду, а таксама мае высокі тэмп росту.

У Беларусі амерыканскі сігнальны рак з’явіўся каля 20 гадоў таму ў некаторых прытоках Нёмана. Цяпер ён працягвае распаўсюджвацца па тэрыторыі краіны і засяляць усё новыя вадаёмы. Такая актыўнасць, калі яе своечасова не спыніць, можа прывесці да татальнага знікнення цяпер вядомых у Беларусі ракаў — вузкапалага і шыракапалага (занесенага ў Чырвоную кнігу). Менавіта таму дзяржава не абмяжоўвае лоўлю амерыканскага сігнальнага рака — яго можна лавіць круглы год і ў неабмежаваным аб’ёме. Так што, калі ведаеце, дзе ён вядзецца — гуляй, душа!

З арлекінам не да смеху

Першапачаткова азіяцкую божую кароўку, якая жыла ў Кітаі, Японіі, Казахстане і Далёкім Усходзе Расіі, завезлі ў Заходнюю Еўропу для барацьбы з тлёй і іншымі распаўсюджанымі шкоднікамі ў 1991 годзе.

Аднак тут атрымалася сітуацыя, якая нагадвае досвед інтрадукцыі сігнальнага рака: азіяцкія божыя кароўкі пераносяць грыбок, які з’яўляецца смяротным для іх еўрапейскіх суродзічаў. Увогуле, прыхадні хутка акліматызаваліся і пацяснілі мясцовыя віды, працягваючы захопліваць новыя тэрыторыі. Цяпер гэтая напасць развялася па ўсёй Еўропе і нават у Паўночнай Афрыцы.

Азіяцкая божая кароўка па памерах дакладна такая ж, як і еўрапейская сямікропкавая. Аднак яе размалёўка можа быць цалкам рознай, таму яе часта называюць арлекінам. З-за сваёй актыўнасці яна была занесеная ў спіс ста самых небяспечных арганізмаў Глабальнай базы дадзеных па інвазіўных відах. Небяспечная азіяцкая імігрантка і для чалавека: яна можа кусаць людзей, выклікаючы алергічную рэакцыю.

Акрамя таго, азіяцкія божыя кароўкі аказаліся не зусім прыдатнымі для выканання сваіх першапачатковых функцый — барацьбы з тлёй на вінаградніках. Справа ў тым, што тлю яны ядуць актыўна, аднак, трапляючы ў перапрацоўку разам з вінаградам, псуюць смак віна. Азіяцкія прыхадні шкодзяць яблыкі, грушы, цытрусавыя культуры і нават бульбу. Карацей кажучы, зноў людзі знайшлі праблем на сваю (ды і не толькі) галаву.

У Беларусі пакуль гэтыя азіяцкія божыя кароўкі не з’яўляюцца напасцю, аднак у Польшчы і Літве ўжо сустракаюцца даволі часта. Улічваючы тое, з якой хуткасцю гэты від плодзіцца і рассяляецца (усяго за два гады ім удалося захапіць усю тэрыторыю Галандыі), ужо хутка можна чакаць яго актыўнасці і ў нас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?