Гродзенская Дзяржаўтаінспекцыя паведаміла падрабязнасці пераследу ўвечары 27 ліпеня п'янага кіроўцы фуры, якая перавозіла новыя машыны. Пагоня доўжылася ад Зэльвы аж да Баранавіч.

Як паведамляе ўпраўленне ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама, у 20 гадзін у дзяжурную частку Зэльвенскага РАУС паступіла інфармацыя аб ДТЗ у раённым цэнтры. Кіроўца вялікагрузнага аўтамабіля на вуліцы Шасейнай пры выездзе са стаянкі пашкодзіў «Хундай», які стаяў, і з месца здарэння ўцёк. Праз 15 хвілін у міліцыю патэлефанаваў ўладальнік «Мерседэса», які паведаміў, што яго аўтамабіль, які знаходзіўся на ўзбочыне, непадалёк ад вёскі Ёлка Зэльвенскага раёна зачапіла «Сканія», якая праязджала міма.

Каля 21 гадзіны на 61-м кіламетры аўтадарогі Баранавічы - Гродна ў поле зроку супрацоўнікаў ДАІ трапіў седлавы цягач, які, магчыма, быў датычны да гэтых аварый. Інспектары паспрабавалі спыніць «Сканію», аднак яе кіроўца праігнараваў патрабаванні спыніцца і паспрабаваў схавацца.

Рухаючыся ў напрамку Мінска, кіроўца вялікагруза, выконваючы абгон, сутыкнуўся з «Фольксвагенам», які рухаўся ў спадарожным напрамку, і здзейсніў трэцяе ДТЗ.

Не звяртаючы ўвагі на неаднаразовыя патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ спыніцца, «Сканія» працягнула рух. Віляла з боку ў бок, ігнаравала знакі і дарожную разметку. Інспектары прынялі рашэнне ўжыць табельную зброю.

Па фуры было выпушчана 80 патронаў, але яна працягвала рух. Толькі калі кулямі быў шмат разоў прабіты бак і выцекла паліва, машына спынілася. На 183-м кіламетры аўтадарогі Брэст — Мінск кіроўцу затрымалі.

Ім аказаўся 30-гадовы жыхар сталіцы, які быў у стане алкагольнага ап'янення. Па выніках медыцынскага агляду, праведзенага ў Слонімскай раённай бальніцы, канцэнтрацыя пароў этылавага спірту ў выдыханым паветры кіроўцы склала 1,94 праміле.

Даючы тлумачэнні, ён сказаў, што выпіў гарэлкі, бо стаміўся ў дарозе і хацеў расслабіцца.

На кіроўцу надзелі наручнікі і даставілі ў Слонімскі РАУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?