У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 29 ліпеня пачаўся працэс па справе кіраўніка прыватнай інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформ інавейшн» Андрэя Бандарэнкі.

фота БелаПАН

фота БелаПАН

Андрэй Бандарэнка абвінавачваецца ў хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве (максімальны тэрмін — да 10 гадоў пазбаўлення волі).

Суддзя на працэсе — Ала Абакунчык, якая, дарэчы, выносіла прысуд па справе аб гібелі пацыенткі «Экамедсэрвіса» Юліі Кубаравай. 

Ала Абакунчык адмовіла ў дзясятку хадайніцтваў Андрэя Бандарэнкі, не дазволіўшы, у тым ліку, далучыць шэраг рэчаў, а таксама адмовіла выклікаць некалькі сведак, у тым ліку медэксперта.

Яна заявіла, што цяпер не бачыць сэнсу ў гэтым, магчыма, гэта будзе зроблена пазней.

Сёння праходзіць допыт Андрэя Бандарэнкі, у абвінавачванні фігуруюць тры эпізоды.

Першы адбыўся ў лютым 2014 г., калі, паводле версіі следства, каля кавярні «Старажытная легенда» на вул. Аэрадромнай у Мінску, Бандарэнка не менш за адзін раз ударыў па твары сп. Яворскага.

На судзе Яворскага няма, а Бандарэнка па гэтым эпізодзе адмовіўся даваць паказанні, аднак заявіў, што не біў чалавека.

Наступныя эпізоды звязаныя паміж сабой, у іх фігуруюць суседкі Бандарэнкі — Таццяна Радзівон і яе маці Наталля Травулька.

27 сакавіка Бандарэнка каля гадзіны ночы вяртаўся з кавярні разам з сябрам Алейнікавым. Яны выпілі паўлітра гарэлкі (а 9 гадзіне вечара), каля пад'езда сталі пакурыць, калі сустрэлі Таццяну Радзівон. Яна (была нападпітку) прапанавала падняцца да яе, на пяты паверх (Бандарэнка жыве на трэцім), дзе працягнуць вечар.

Бандарэнка адмовіўся, бо на раніцу яны збіраліся ехаць у Брэст.

Затым Бандарэнка, Алейнікаў і Радзівон зайшлі ў пад'езд, падняліся на трэці паверх, дзе жыве Бандарэнка, ён адамкнуў дзверы, і піхнуў у кватэру Алейнікава, сказаўшы: «Банкет скончаны».

Пасля гэтага ён узяў за плечы Радзівон, развярнуў, яна павярнулася і схапіла Бандарэнку за мізінец і не апускала.

Бандарэнка спрабаваў вырвацца, урэшце вырваў руку, але ён не здолеў патлумачыць ці наносіў удары.

Жанчына працягвала абурацца, Бандарэнка ўвайшоў у кватэру, каб выклікаць міліцыю. Вярнуўся на лесвічную пляцоўку, але высветлілася, што Радзівон таксама выклікала міліцыю.

Урэшце ўсіх чатырох адвезлі ў кастрычніцкі РУУС (з пятага паверха спусцілася маці Таццяны Радзівон — Наталля Травулька).

Бандарэнка зазначае, Алейнікава забралі браць паказанні, а на яго адрас гучалі розныя непрыемныя словы ад жанчын.

Па яго словах, ён паспрабаваў абстрагавацца, сеўшы на лавачку. заплюшчыў вочы, і ў нейкі момант адчуў, што над ім нехта схіляецца, адчуў успышку — нагой адмахнуўся, выбіўшы мабільнік з рук.

Потым зноў заплюшчыў вочы, зноў яму падалося, што над ім нехта схіляецца, яшчэ раз адмахнуўся нагой і трапіў Травульцы ў твар. Пасля пабачыў, што жанчына збірае тэлефон.

Бандарэнка сказаў, што не бачыў эпізоду, а думаў, што зноў да яго чапляюцца са ўспышкай.

Ён зазначыў, што яму шчыра шкада, што так адбылося, прашу прабачэння ў жанчын, — сказаў ён. У той жа час ён падкрэсліў, што ніякіх хуліганскіх намераў у яго не было. Ён прызнае інцыдэнт, што ён меў месца, але не прызнае, што гэта была «хуліганка».

Зараз на судзе перапынак, затым працягнецца допыт Бандарэнкі.

«Я яму таксама даравала»

29-гадоавая Таццяна Радзівон дала зусім адрозныя сведчанні. Па яе словах, яна была на сустрэчы з сяброўкай у той вечар. Выпіла каля 2 літраў піва. І прыйшла да маці, каб забраць сына і сабачку (маці — суседка Бандарэнкі). Каля пад’езду сустрэла Бандарэнку і Алейнікава. І менавіта апошні хацеў з ёй пазнаёміцца. Размаўлялі, жартавалі. Затым выйшла яе маці, Наталля Травулька, і паклікала дадому. Кажа, што нікога не запрашала працягнуць вечар у сябе. Калі падымаліся, дачка затрымалася на калідоры з Алейнікавым. Але Банадрэнка выказаўся груба да сябра. «Калі ты зараз не пойдзеш дадому, я выкіну твае рэчы», — успамінае яго словы жанчына. Радзівон развярнулася, каб з новым знаёмцам падняцца вышэй, як адчула штуршок у плечы. Павярнулася, а там Банадарэнка. Пасля, па яе словах, яна атрымала удар па галаве. Калі закрычала, з 5 паверха выбегла яе маці, выскачыў Алейнікаў, які пачаў іх раздымаць. Але да гэтага паспела атрымаць яшчэ колькі ўдараў. «Я хачу забыцца на гэта як на страшы сон», — усё паўтарала Радзівон. Не адмаўляе, што ўкусіла крыўдзіцеля. Але толькі ў знак абароны.

Яна і выклікала міліцыю. Пасля гэта ж зрабіў і Бандарэнка. Такую агрэсію з яго боку яна не разумее. Кажа, што калі іх прывезлі ў Кастрычніцкае РУУС, Андрэй разваліўся на лаве. Яе гэта абурыла. Паспрабавала яго сфатаграфаваць на мабільнік. На трэцім здымку, калі спрацавала ўспышка, Бандарэнка махнуў нагой і выбіў мабільнік. Той разгляцеўся на тры часткі. Другі раз махнуў, калі проста каля яго ног ужо Наталля Травулька падымала часткі ад тэлефона — трапіў у вока. Але ён не бачыў, каго б'е — сядзеў з заплюшчанымі вачыма.

На працэсе высветлілася, што частку 3 артыкула 339 КК Бандарэнку прыпісваюць толькі за тое, што ён ключамі стукнуў Радзівон па галаве (ключы прызналі зброяй). Але на працэсе жанчына заявіла, што ўдар мог быць і не ключамі — дакладна не бачыла. А гэта можа каардынальна змяніць справу.

Цікава, што спачатку Радзівон напісала заяву для прыцягнення Банадарэнкі да адміністрацыйнай адказнасці (гэта былі б суткі ці штраф). А пазней, як прабілі па базе, да яе падышоў міліцыянт і сказаў, што «будзем пісаць на крымінальную справу». Жанчына перапісала заяву.

Выявілася таксама, што Бандарэнка перад самым арыштам, 30 красавіка, заходзіў да Травулькі і яе дачкі. Выбачаўся, прасіў напісаць заяву, што прэтэнзій да яго жанчыны не маюць. Тыя і пагадзіліся, папрасілі толькі прынесці ўзор такой заявы. Калі на раніцу Бандарэнка зноў зайшоў, адразу ж за ім прыйшоў чалавек у цывільным, які проста выштурхнуў яго з кватэры — не даў нават пагаварыць. І Бандарэнку арыштавалі.

Ні Травулькі, ні Радзівон не хочуць, каб Бандарэнку пасадзілі.

«Хачу, каб ён гадаваў сваю дачку»,

— некалькі разоў паўтарыла Радзівон. «Я яму таксама даравала», — сказала Травулька.

У працэсе абвешчаны перапынак да 31 ліпеня.

* * *

Максімальнае пакаранне па справе — 10 гадоў пазбаўлення волі. Бандарэнка знаходзіцца пад вартай. 

Праваабарончай дзейнасцю Бандарэнка заняўся пасля таго, як правёў за кратамі амаль два гады па абвінавачанні ва ўчыненні эканамічнага злачынства. У сакавіку 2011 года Мінскі гарадскі суд прызнаў Бандарэнку невінаватым, а ў чэрвені таго ж года ён заснаваў «Платформу» — арганізацыю, якая займалася абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі. У кастрычніку 2012 года «Платформа» была ліквідавана рашэннем Мінскага гаспадарчага суда, пасля чаго Бандарэнка і яго аднадумцы заснавалі новую арганізацыю — «Платформ інавейшн». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?