Фота Сяргея Гудзіліна

Круціцца, ведаеце, у галаве такі вобраз. Здаровы, ёмісты страўнік разам з кішэчнікам. Самі сабой, асобна ад цела. Такія органы, якія існуюць, каб атрымліваць ежу і вырабляць г…. У імя працэсу.

Вакол страўніка адбываюцца падзеі. Людзі расчароўваюцца, натхняюцца, пачынаюць, сканчаюць. А ён, крыху ўздрыгваючы і пераліваючыся абалонкай брушыны, спакойна і важна робіць сваю справу. Брыкецікі, брыкецікі, брыкецікі.

Учора — брыкет, а заўтра цагліна, якую трэба закласці на правах скарбу ў наш культурны мур.

Ну, вось апошні — эсэ Бахарэвіча «Ганаровая вешалка». Тэкст, калі хто не чытаў, прысвечаны модзе на вышыванкі, якая абвешчана прыкметай заняпаду і перамогай эстэтыкі калгаса і прыгону.

Тэкст вельмі такі, ведаеце, іранічны. Тэкст пяра мэтра, які ўзнёсся і адтуль, з вышынь, прыплюшчыўшы вока, выдае свае вердыкты.

Мода на вышыванкі, між тым, і сапраўды ёсць. Гэта і дакладныя рэпрадукцыі беларускай нацыянальнай вопраткі, і стылізацыі на сучасны манер тыпу Honar, і мілыя майкі з прынтамі беларускіх арнаментаў ад Франака Вячоркі. І што? Вось яна, новая кансэнсусная эстэтыка? Новы спосаб расказаць свету пра сябе, нічога ў свету не патрабуючы і ні на што не скардзячыся? А вось і не!

Чытаеш «вешалку» і ўяўляеш нараджэнне брыкета. Як акт, як працэс. І сказ за сказам, як сантыметр за сантыметрам. Асобна, канечне, дастаўляе, што артыкул выйшаў на сайце «Будзьмы», дзе нават лагатып стылізаваны пад арнамент. Гэта выклікае некаторыя гамы і трывожыць некаторыя струны.

Аўтар абураецца

Трыумф вышыванкі значыць, што ўсё было дарэмна. Мы прапалі. Вышываначная Беларусь зноў перамагла Беларусь еўрапейскую. Мы вярнуліся туды, дзе былі. Да Беларусі льняной, жытнёвай, баравой, а таксама баваўнянай, саматканай, паркалёвай, пладова-ягаднай і сінтэпонавай.

Адразу пытанне. А калі заўтра ўсе ў адзіным памкненні скінуць і спаляць свае вышыванкі, ці прачытаю я, што нарэшце еўрапейская Беларусь перамагла лапатную? Па-другое, хто такія мы, каторыя вярнуліся? Вялікая частка людзей не здагадваецца ні пра наяўнасць вышыванак, ні пра наяўнасць Бахарэвіча. Як быць з імі? Акрамя таго: некаторым людзям пашчасціла, уявіце сабе, мець джынсы. Куды іх адсылае гэтая шмотка? Няўжо да часоў Леві Штраўса на залатыя руднікі?

Аўтар заглыбляецца

Людзям у вышыванках вельмі важна адчуць, што іх шмат. Толькі тады яны моцныя. І ў гэтым нашае з імі адрозненне. Еўрапейцу важнае крыху іншае — адчуць сваю каштоўнасць і свабоду, застаўшыся самому, без грамады. У гэтым яго моц. А моц вышываначнага чалавека — ва ўзоры пад яго падбароддзем.

Праблема нават не ў тым, што, пажыўшы ў Германіі, аўтар прапусціў нямецкую моду на нацыянальныя строі, якая не згасла і сёння, справа ў тым, што наогул нястача прадмета размовы нярэдка кампенсуецца імкненнем абагульніць нешта ў грандыёзным маштабе. У нацыянальным, а то і ў кантынентальным. Дапусцім — расказаць, што важна для еўрапейца. Бо еўрапеец жа — штуковіна простая і квадратная. Вось у яго патрэбы, а вось у яго ўласцівасці. Ідзі паспрачайся. А вось — вышываначны чалавек. Нібыта ён ёсць, і нібыта для яго самае галоўнае ў жыцці — вышыванка. Прыдумаўшы такія сутнасці, ты становішся галоўным і адзіным экспертам у гэтай галіне. Напрыклад, па вышываначных людзях. І вось твой тэкст ужо цагліна ў мур. А ты — муляр-будаўнік.

Аўтар супастаўляе

…увогуле ў папулярнасці вышыванак ёсць нешта паўночнакарэйскае. Тысяча абсалютна голых людзей будзе выглядаць больш індывідуальна, чым гэткая самая тысяча ў вышыванках.

Ну, па-першае, ніколі не сустракаў словы «салідарнасць» і «статкавасць» у адным сінанімічным шэрагу. Калі тысячы людзей выходзяць з бел-чырвона-белымі сцягамі ці з папулярнымі зараз жоўта-блакітнымі стужкамі на вуліцу, ці ведаюць яны, што ўжо ўтварылі паўночнакарэйскі статак і выклікалі духа паныласці і калгаса? Не ведаюць. Магчыма, гэта не адбываецца, калі мільярды людзей купляюць сабе майкі са Спанч-Бобам, і адбываецца, калі з нацыянальнымі беларускімі арнаментамі.

Аўтар адсылае да аўтарытэтаў

Знаёмая літоўская літаратарка расказвала неяк пра першага пабачанага ёй у жыцці беларускага паэта. Прозвішча яна не запомніла. Вершаў таксама. І ніхто не запомніў. «Вершы былі такія самыя, як яго вышыванка… — сказала знаёмая. — Такія архаічныя. Вось вышыванку запомнілі ўсе. І з гэтым вы хочаце ў Еўропу?»

Во як. І спытала яго аўтарка: вы з гэтым у маю Еўропу хочаце, Альгердзе? Альгерд, каторы таксама нічога не запомніў, у літаратарчыну Еўропу з гэтым не захацеў. А вось за суайчыннікаў яму стала страшна сорамна. Бачачы чэргі беларусаў, каторыя сціраюць лапці па дарозе на «Акропаліс», і няроўныя сляды, якія на пыльнай дарозе пакідаюць іх слуцкія паясы… Літоўскія гастарбайтары, якія як пчолкі працуюць на катэджах да самога Мінска, такіх прэтэнзіяў да нас не выстаўляюць, што і не дзіўна, бо літоўскую літаратарку не ведаюць. Але гэтае вечнае жаданне постсавецкага інтэлігента, такога ж бездапаможнага, як і яго папярэднік, каб яго «прызналі за граніцай», жаданне «быць еўрапейскім».

Сорам за сваю дэпрэсіўную рэчаіснасць так моцна ўядаецца ў мозг, што там трансфармуецца у сорам і за мінулае, якое карціць каму-небудзь падарыць, і за сваю будучыню, якая становіцца прадметам пакаяння перад кожным балванам, які захоча згуляць у суддзю. Сорам і джынсы.

Аўтар іранізуе

Навошта кніжкі чытаць, калі ёсць вышыванка? На ёй усё напісана, то бок вышыта. Ці намалявана, як тату на скуры. А больш беларусу ведаць неабавязкова.

Як сказала беларуская рэкламшчыца Юля Ляшкевіч: «Навошта есці, калі спаць? Навошта Бахарэвіч, калі поўдзень? Навошта жыць, калі Марс?» У прынцыпе і ў мяне да аўтара, апрача названых, пытанняў больш няма.

З цэлым народам гутарку весці

А вось вам (нам) яшчэ. Аляксандр Фядута заявіў, што беларуская нацыя — другасерыйная, а калі пад маркай вышыванкі прадаюць яшчэ і вопратку з прынтамі арнаментаў, то ўсё гэта бессэнсоўна і нічога не варта. Вышыванка павінна быць вышытай, «а калі не, то грош цана ўсім вашым развагам». Як у пушкініста, хочацца спытаць у яго — ці ёсць у яго майка з выявай Пушкіна і, калі так, то якая частка Пушкіна належыць персанальна яму? А наогул, як я і пісаў вышэй, прага мысліць нацыянальнымі катэгорыямі ўласціва людзям, каторыя мысляць катэгорыямі выключна.

Дапусцім, хіпаны рэаніміравалі ўзор «слёзы Алаха» ці «турэцкі агурок».

У Латвіі дызайнер Ліга Аўзіня выпусціла калекцыю вопраткі з нацыянальнымі латышскімі арнаментамі, якія ад беларускіх адрозніць няпроста.

Шатландская клетка замацавалася ў модзе, думаецца, назаўсёды.

Адыдас шые вушанкі.

Gorenje распісвае (не драўляныя) лядоўні пад хахламу, мода на скандынаўскія арнаменты паспела ўжо надакучыць і адрадзіцца не адзін раз.

Але ўсе гэта не важна. Важна, што ты павінен стварыць брыкет. Выказацца. Пра іх. Пра гэтых беларусаў. Што ім нельга і яны нейкія там — не тое, што я. І хай я не бачу розніцы паміж прыгожым і непрыгожым. Хай для мяне дзень смерці Высоцкага — гэта дата, а дзень смерці Караткевіча… не, не чуў. Затое я ўсё адно вам раскажу, што вы за нацыя і як вам жыць. Бо мне Пушкін ліру перадаў. Хоць і не да канца.

Постсавецкі пост

Севярын Квяткоўскі напісаў, што вышыванкі звязаны з савецкім культам сялянскасці. Таму яны шкодныя для нашай нацыі, якая якраз прэтэндуе на элітарнасць і старажытнасць. Калі зразумець сутнасць прэтэнзіі, то хочацца спытаць: а што рабіць з тымі, у каго такіх асацыяцыяў няма? Дапусцім, нехта нарадзіўся ў 1991 годзе? Ці проста прапусціў савецкі культ сярпа да развалу СССР міма вачэй? У Савецкім Саюзе быў яшчэ і культ спорту, ці варта ўсім цяпер заплываць тлушчам з гэтай нагоды і на зло бабулі адмарожваць вушы?

Культ каранёў

Людзі тыпу Бахарэвіча ўвесь час выводзяць новага чалавека. Учора падобныя яму выводзілі новага савецкага чалавека. Сёння — новага еўрапейскага. Прычым і савецкі быў як белы аркуш, і еўрапейскага выводзім нейкага стэрыльнага. Без мінулага. Хто ён? У якой краіне ён жыве, гэты эталонны еўрапеец? Што гэты чалавек, які ў Беларусі павінен перамагчы, рабіў 300 гадоў таму? На якой мове гаварыў? Што пісаў? Што спяваў? На чым граў? Што еў? І што апранаў? Амерыкана-яўрэйска-нямецкія джынсы? Гавайскія кашулі? Індзейскія макасіны?

Ці абавязкова нам усім прайсці рытуал адрачэння ад вышываначнага мінулага? 

У кожнай вартай краіне свету культ сваіх каранёў з’яўляецца часткай нацыянальнай свядомасці. 

Гэтыя ўзоры жылі стагоддзямі. Яны бачылі рознае. Ляжалі, пыліліся, гнілі, брудзіліся. Іх апраналі на святы, іх апраналі ў самыя цяжкія дні.

Гэтыя маленькія ромбікі і квадрацікі дапамагаюць нам парадавацца, гледзячы адно на аднаго. Яны перадаюць усё, што мы хацелі б сказаць, і нават крыху болей.

Яны перажылі многае. Комплексы постсавецкія, не заўважыўшы, таксама перажывуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?