Якая палітычная будучыня Аляксандра Казуліна? Пра гэта спытаў мяне ў ранішнім этэры "Свабоды" Віталь Цыганкоў.

Вось тут наш дыялёг.

Пастфактум жа падумалася: як ні парадаксальна, але, магчыма, улада мела б меней клопату, выпусьціўшы экс-кандыдата раней. Бо калі гэта адбудзецца пад фарсаваным ціскам Захаду непасрэдна перад новымі прэзыдэнцкімі выбарамі, то Казулін уедзе ў электаральную кампанію на белым кані.

Ягоны імідж бескампраміснага змагара быў заточаны адмыслова пад кароткі і эфэктны перадвыбарчы цыкаль. Дзёрзкі марскі пяхотнік частцы дэмакратычнага электарату імпанаваў болей, чым узважаны інтэлектуал Мілінкевіч.

www.vistawallpaper.com

Але калі няма перадвыбарчага форс-мажору, імідж тэрмінатара аказваецца не запатрабаваным. А "кратовай", як кажа Івашкевіч, працай зорнага рэйтынгу не заробіш.

Вось глядзеце: паўгоду таму вызваліліся "вулічныя байцы" Статкевіч ды Севярынец. І сёньня, калі "рэвалюцыйнай сытуацыяй" нават ня пахне, яны хоцькі-няхоцькі мусяць канцэнтравацца на рутыннай арганізацыйнай працы. Яна таксама патрэбная, але абсалютна ня бачная шырокай прагрэсыўнай грамадзкасьці.

Калі ўявіць сабе, што Казулін вызваляецца падчас такога вось штылю, то праблема палітычнай нішы ды іміджу акажацца для яго няпростай.

Глядзеце: на ролю фаварыта левых сілаў прасоўваецца Калякін. Вось вам ужо калізія: два мядзьведзі ў адным бярлогу… Свае погляды на лідэрства ў сацыял-дэмакратыі мае, у прыватнасьці, Мікола Статкевіч. Таксама калізія. Далей, зноў актуалізуецца антытэза "Казулін — Мілінкевіч". Потым, былы рэктар БДУ наўрад ці стане сваім для БНФ ды іншых правых кансэрватараў, нават калі пачне пісаць на вытанчанай тарашкевіцы. Ну і гэтак далей.

Карацей, давядзецца займацца "партыйным будаўніцтвам", дамаўляцца, хадзіць на пасядзелкі кааліцыйных структураў і ўсё такое. Гэтае балота здольнае хутка засмактаць па вушы, і адбудзецца дэгераізацыя куміра ў вачох пэўнай часткі электарату.

Увогуле, калі глянуць на пытаньне шырэй, ці можа на сёньняшняй выпаленай дзялянцы ўнутрыпалітычнага жыцьця выявіць сябе нейкі апазыцыйны харызматык? Той жаданы "адзіны кандыдат", які б паўстаў раўнацэнным супернікам уладнай фігуры і на якога б зрабілі стаўку ўсе, хто хоча пераменаў? Дзе і як ён можа сябе паказаць ва ўсім маштабе? Мо' такая фігура ўжо і ёсьць, але змушана існуе як рэч у сабе?

ЗЫ. Застаецца толькі пажадаць, каб абмаляваныя тут "праблемы волі" найхутчэй сталі для Аляксандра Казуліна ў практычную плашчыню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?