Іх называюць Вялікай Кітайскай сцяной Усходняй Еўропы. Валы вышынёй у 6—10 метраў, каля якіх бачныя парэшткі рова, цягнуцца на дзясяткі кіламетраў па тэрыторыі Украіны, апаясваючы Кіеўшчыну. Агульная іх працягласць складае каля 700 км.

«Змеевы» — бо, кажа народнае паданне, выараў гэтыя валы асілак, які запрэг змея ў плуг. Падобны міф ёсць у індыйскім эпасе, ёсць і такая ж беларуская легенда пра ўзнікненне ракі Буг. Але хто і калі насамрэч насыпаў гэтыя валы? Зрабіла гэта не прырода: даследаванне паказала, што валы стаяць на падэшве з абпаленай гліны, дзе-нідзе з дамешкам вуголля, а зямля для іх бралася, найхутчэй, з рова, які адначасова капаўся побач.

Якое было функцыянальнае прызначэнне валоў?

Гісторыкі сыходзяцца, што ў старажытнасці гэта быў эфектыўны сродак барацьбы з качэўнікамі. Асноўны козыр качэўнікаў — хуткі налёт вялікай масы конніцы. Калі ж яна сустракае перашкоду — губляецца эфект нечаканасці, хуткасць падае, і купа коннікаў з грознай ударнай сілы ператвараецца ў мішэнь для стрэлаў. І яшчэ адзін момант: калі войска захопнікаў яшчэ так-сяк магло валы перайсці, дык для абозу роў глыбінёй 2—3 метры быў непераадольнай перашкодай. Таму качэўнікі, нават перайшоўшы вал, імкнуліся не адыходзіць далёка. Іншымі словамі, гісторыкі лічаць, што валы збудавалі жыхары ўкраінскага лесастэпу, каб абараніцца ад прыхадняў. Яшчэ адно пытанне: калі тое было?

Яшчэ грэчаскі гісторык Герадот, пішучы пра скіфаў-аратаяў (а скіфамі ён называў многія народы на поўнач ад Чорнага мора), адзначаў, што яны адгарадзіліся ад ваяўнічых сарматаў гіганцкім валам — ад Карпатаў да Азоўскага мора. Памеры Герадот, які грунтаваўся на словах элінскіх купцоў, мо і перабольшыў, але водгулле маштабнага будаўніцтва да яго дайшло. Гэта першая версія паходжання валоў — «скіфская». Але ці маглі плямёны, якія жылі ў рода-племянным ладзе, здзейсніць такое?

Скептыкі кажуць, што будаўніцтва такога маштабу пад сілу толькі цэнтралізаванай дзяржаве, накшталт Старажытнага Егіпту. Але ці была цэнтралізаваная дзяржава ў Англіі, калі там будавалі Стоўнхендж? А на Велікоднай выспе, якая дзівіць турыстаў сваімі мегалітамі? Зрэшты, можа і былі там нейкія протадзяржаўныя ўтварэнні. Дык і ва Украіне ж яны маглі быць.

Падобным чынам, на паўтысячы год пазней за Герадота, бараніліся ад варвараў рымляне — згадаем Траянаў вал у сучаснай Малдове, Адрыянаў вал на поўначы Англіі.

Магчыма, стваральнікі Змеевых валоў натхняліся рымскім прыкладам? Прыхільнікі другой, «гоцкай», тэорыі кажуць, што валы з’явіліся ў IV ст. н.э., падчас Вялікага перасялення народаў. І яны мусілі бараніць гоцкую дзяржаву, якая раскінулася ў той час ад Прыпяці да Чорнага мора, ад нашэсця гунаў. Гэтую тэорыю пачалі актыўна распрацоўваць у 1930-я, з адкрыццём чарняхаўскай археалагічнай культуры, якая асацыюецца з плямёнамі ваяўнічых готаў. Але пасля Другой сусветнай на вывучэнне побыту германскіх плямёнаў на тэрыторыі СССР было накладзенае табу. Нават славутага гоцкага караля Германарыха ў літаратуры пераназвалі ў Эрманарыха.

Цікава, што готы не ўмацоўвалі свае гарадзішчы — ці то спадзяваліся на вал, ці то на свае мячы. Аднак гуны ўсё ж зруйнавалі іх дзяржаву і пайшлі далей на Еўропу. Яны праходзілі і далёка за валы — наканечнікі гунскіх стрэлаў археолагі знаходзілі аж у наваколлі Нарачы.

Змеевы валы згадваюцца і ў кіеўскіх летапісах — як геаграфічны арыенцір падчас апісанняў палавецкіх набегаў ды княскіх міжусобіц. Валы згадвае ў сваім лісце і святы Бруна Кверфурцкі, які ў 1007 гасцяваў у кіеўскага князя Уладзіміра. Але летапісы захавалі б згадку пра будаўніцтва валоў, калі б яно адбывалася за часамі ўзвышэння Кіева. Як захаваліся ў памяці беларусаў успаміны пра будаўніцтва замкаў за часам Вялікага Княства (у выглядзе праклёнаў — «Каб ты на Віленскі замак каменне цягаў!»).

Між тым, «славянская» версія паходжання валоў існуе: іх маглі стварыць у VI—VII стагоддзі для абароны ад тагачаснай стэпавай пагрозы — хазараў і авараў.

Цікава, што радыявугляродны аналіз вуголля, якое знаходзілі ў валах, кажа на карысць усіх трох тэорый. То бок розныя часткі Змеевых валоў насыпалі ў розны час. Паўночнейшыя — ледзь не ў Герадотавы часы, паўднёвейшыя — пазней. Гісторыя Усходняй Еўропы хавае яшчэ шмат загадак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?