13 ліпеня плывец Дзмітрый Ягораў стаў першым беларусам, які пераплыў праліў Гібралтар, што раздзяляе Еўропу і Афрыку. Пры гэтым Дзімтрый заняў 10-ты радок па хуткасці пераадолення праліва за ўсю гісторыю: беларусу спатрэбілася 3 гадзіны 8 хвілін. Маршрут, па якім плыў Дзмітрый, мае працягласць 14,4 кіламетра. Аднак праз плыні яму давялося праплыць на 2 кіламетры больш — 16,3 км.

Дзмітрый Ягораў (справа) і Сяргей Алчабаеў (злева) з сертыфікатамі аб пераадоленні Гібралтарскага праліва. Фота з архіва Дз. Ягорава.

Дзмітрый Ягораў (справа) і Сяргей Алчабаеў (злева) з сертыфікатамі аб пераадоленні Гібралтарскага праліва. Фота з архіва Дз. Ягорава.

26-гадовы Дзмітрый нарадзіўся ў Оршы. Ён вучыўся на факультэце фізічнай культуры і спорту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым атрымаў эканамічную адукацыю ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.

Цяпер Дзмітры Ягораў жыве ў Санкт-Пецярбургу і працуе трэнерам па плаванні і трыатлоне. «НН» паразмаўляла з Дзмітрыем і даведалася, як гэта — пераплыць з аднаго кантынента на другі.

«НН»: Як нарадзілася ідэя пераплыць Гібралтар? Ці плавалі вы на такія вялікія дыстанцыі раней?

Дзмітры Ягораў: Да заваявання Гібральтару ў 2013 годзе я пераадолеў Басфор 6,5 км, праліў ў Стамбуле, які злучае Еўропу і Азію ў рамках 25-га міжкантынентальнага плавальнага марафону Bosphorus Cross-Continental, а мая вучаніца паставіла рэкорд сярод жанчын.

Пасля гэтага і паўстала пытанне аб далейшай мэце. Было некалькі варыянтаў, і адной з самых прымальных выявіўся менавіта Гібралтарскі праліў.

Дзмітрый Ягораў пераплывае Басфор. Фота з архіва героя. 

Дзмітрый Ягораў пераплывае Басфор. Фота з архіва героя. 

Варта адзначыць, што заплывы праз амаль 15-кіламетровай шырыні гарлавіну Міжземнага мора, якая злучае яго з Атлантычным акіянам, увайшлі ў моду на мяжы стагоддзяў: між 1999 і 2003 праліў фарсіравалі два дзясяткі плыўцоў.

Прыклад быў заразлівы: цяпер вадзяную перашкоду фарсіруюць не менш за 60 спартсменаў штогод.

«НН»: Як праходзіла падрыхтоўка да заплыву?

ДзЯ: Што тычыцца падрыхтоўкі непасрэдна напярэдадні Гібралтара, то ўсё аказалася нашмат больш сумна за тое, што сабе ўяўляў. Былі інтэрвальныя заплывы па 100-200-400 метраў, з якімі мой арганізм ужо даўно звыкся. Паступова яны наблізіліся да кіламетровых, дасягнуўшы свайго апагею ў заплыве 5х2 км са спаборніцкай хуткасцю.

Самымі складанымі момантамі ў падрыхтоўцы былі доўгія заплывы на 8 км і больш у басейне. Уявіце: катацца па стадыёне на веласіпедзе цягам трох гадзін ці той жа час на велатрэнажоры дома, калі перад табой нязменны малюнак шпалераў.

Дзмітры Ягораў. Фота з архіва героя.

Дзмітры Ягораў. Фота з архіва героя.

А калі вакол цябе па пакоі ходзяць бабулькі і крычаць: маўляў, што ты тут раз'ездзіўся? Як вам такое? Пры гэтым на велатрэнажоры вам ніхто не ўдарыць пяткай у вока. У басейне ж я атрымаў некалькі рассячэнняў, сінякоў, не раз выбіваў і рэзаў пальцы. І так на працягу шасці месяцаў: або раніцай, або ўвечары, або раніцай і ўвечары…

 «НН»: Апішыце сам заплыў, прыемныя моманты і небяспечныя сітуацыі.

ДзЯ: Пераплысці Гібаралтар паводле ўсіх правілаў і інстанцый я сабраўся з Сяргеем Алчабаевым з Екацярынбурга. Ён добры плывец і проста выдатны чалавек. Перад заплывам мы ўсё ж здолелі правесці адну сумесную трэніроўку, каб зразумець, з якой хуткасцю нам рухацца і не аддаліцца адзін ад аднаго. Усё прайшло выдатна, і я быў гатовы да любых выпрабаванняў.

Мы плылі без гідракасцюмаў, і для таго, каб не змерзнуць і пазбегнуць пацёртасцяў, мы ўжывалі барсуковы тлушч і вазелін. Яны добра расцякаліся па целе пад пякучым сонцам Іспаніі, аднак змыць іх можна было толькі з дапамогай сродкаў для мыцця посуду.

На сустрэчы з арганізатарамі заплыву мы атрымалі падрабязныя інструкцыі, а таксама даведаліся, што ўсе сайты з прагнозамі надвор'я хлусяць, і мы паплывём у той дзень і ў той час, які нам прызначаць самі арганізатары.

Дзмітрый Ягораў. Фота з архіва героя.

Дзмітрый Ягораў. Фота з архіва героя.

Раптам мы даведаліся, што плысці трэба ўжо праз дзень, хоць па плане разлічвалі яшчэ на 4 дні трэніровак на хвалях.

Пераканаць арганізатараў нам ніяк не ўдалося. Хоць за іх настойлівасць я хачу выказаць вялікую падзяку. Сайты з прагнозам надвор'я сапраўды нахлусілі, і адзіны прыдатны для заплыву дзень з 10, што мы правялі ў іспанскім Тарыфа, быў менавіта 13 ліпеня.

Ужо на наступны дзень і да канца нашага знаходжання ў Іспаніі хуткасць ветру дасягала 25—30 км/г, пры парывах можна было падскочыць ў адным месцы, а прызямліцца ў іншым.

І вось раніца 13 ліпеня, праверка рыштунку і харчавання і павольны шпацыр да прычала, адкуль нас павінна была забраць лодка.

Лодкі было дзве. Адна з якіх задавала кірунак руху, а другая, бліжэйшая да нас, забяспечвала нас харчаваннем і дадатковай інфармацыяй на час заплыву. У ёй была і мая жонка і па сумяшчальніцтве мой трэнер Наталля.

Першае пагружэнне — вада выявілася да сутаргаў халоднай,

такой жа халоднай, як тады, падчас «першай трэніроўкі»: 1,5 км уздоўж берага пры тэмпературы вады ў 15—16 градусаў (і гэта нам яшчэ пашанцавала, як суцяшалі арганізатары).

Старт заплыву праз Гібралтар. Фота з архіва героя.

Старт заплыву праз Гібралтар. Фота з архіва героя.

Мы падплылі да берага Еўразіі і па свістку пачалі рухацца ў бок Афрыкі.

Паводле плану, праз 3 гадзіны і 20 хвілін мы ўжо мусілі быць на іншым кантыненце.

Плысці мне прыйшлося не са сваёй хуткасцю, бо стараўся не адставаць ад партнёра, таму пастаянна даводзілася ўкалваць (Сяргей Алчабаеў праплыў дыстанцыю на 3 хвіліны хутчэй — «НН»).

Я ўвесь час працаваў на мяжы. Запланаванага кожныя 45 хвілін перакусу хацелася раней:

бо падмацавання хапала толькі на 35 хвілін, а потым 10 хвілін цярпення і думак аб ежы.

Часам казалі паскорыцца, бо набліжаўся карабель ці каб хутчэй перасекчы чарговую халодную плынь. Ці каб адарвацца ад касатак.

Я даведаўся пра касатак пазней, бо арганізатары замаўчалі гэты факт падчас заплыву, каб не навесці панікі.

Яны толькі кантралявалі сітуацыю, каб касаткі не рушылі ў наш бок. На сайце арганізатараў заплываў пра напады жывёл нічога не гаворыцца. Я бачыў толькі яркія карцінкі са шчасліўчыкамі, вакол якіх кружылі дэльфіны.

Для мяне да гэтага часу застаецца загадкай, калі ўсё ж такі касаткі рушылі б у наш бок і нас дасталі з вады, то прыйшлося б пераплываць наноў?

Былі і прыемныя, але неспрыяльныя для выніку моманты.

Калі, напрыклад, трапляў у цёплую плынь, было так прыемна, што не хацелася нават працягваць заплыў.

Пад канец рукі былі ўжо настолькі цяжкімі, што пасля піт-стопу я ледзь змог працягнуць працаваць у тым жа тэмпе.

На працягу заплыву з шалёнай хуткасцю паспеў успомніць усіх знаёмых і сваякоў, дзеля якіх я мог бы гэта зрабіць,

што надавала, хоць і нязначна, але сілы для далейшага працягу руху наперад і толькі наперад.

Дзмітры Ягораў плыве праз Гібралтар. Фота з архіва героя.

Дзмітры Ягораў плыве праз Гібралтар. Фота з архіва героя.

І вось нарэшце акуратнае даплыццё да берага, дотык і свісток, які спыніў секундамер.

З цяжкасцю ўдалося на карачках падняцца на бераг, устаць, выпрастацца і з радасцю ўскінуць рукі ўверх.

У галаве круцілася думка: «Я зрабіў гэта!»

Усяго праз паўтара тыдні Ягораў праплыў ад Пецярбурга да Кранштата 25 кіламетраў, а ў будучым хоча праплысці 45 кіламетраў вакол Манхэтана.

У дадзены момант на сайце Асацыяцыі плыўцоў праз Гібралтар у графе пазначана, што Дзмітрый Ягораў з Расіі. Дзмітры кажа, што арганізатары нешта пераблыталі і што ён ужо накіраваў ліст з просьбай замяніць RUSSIA на BELARUS.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?