Затрыманьнем моладзевых актывістаў завяршылася 25 лістапада акцыя салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.


Міхаіл Пашкевіч

Як пасьпеў паведаміць нашаму радыё намесьнік старшыні моладзевай структуры АГП «Маладыя дэмакраты» Міхаіл Пашкевіч, актывісты арганізацыі мелі намер павіншаваць Аляксандра Казуліна з днём нараджэньня, а таксама нагадаць мянчанам пра тое, што Беларусь — апошняя краіна ў Эўропе, дзе ёсьць палітычныя зьняволеныя.

«Мы наўмысна нідзе не афішавалі часу правядзеньня акцыі, рыхтаваліся да яе выключна сіламі «Маладых дэмакратаў», але, праўдападобна, на адным з этапаў здарыўся выцек інфармацыі», — паведаміў Міхаіл Пашкевіч.

Паводле яго словаў, на момант пачатку акцыі а 14‑й гадзіне на Кастрычніцкім пляцы было некалькі дзясяткаў людзей у цывільным.

Міхаіла Пашкевіча затрымалі ў той момант, калі ён пачаў даставаць з заплечніка партрэты палітзьняволеных. Разам з Пашкевічам былі затрыманыя чальцы «Маладых дэмакратаў» Міхаіл Крываў, Сяргей Клюеў і Канстанцін Сіманкоў. Іх даставілі ў Цэнтральны РАУС Менску, адкуль праз пэўны час выпусьцілі, не складаючы пратаколаў.

Астатніх удзельнікаў акцыі, ужыўшы сілу, з Кастрычніцкага пляцу выціснулі байцы спэцназу.

Паводле Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0