Урад Аргенціны абвясціў дэфолт. Гэта ўжо другі дэфолт Аргенціны ў ХХІ стагоддзі: мінулым разам краіна прызнала сваю неплацежаздольнасць у 2001 годзе.
Але ці можа рэха дэфолту паўднёваамерыканскай краіны дакаціцца да Беларусі? З гэтым пытаннем «НН» звярнулася да фінансавага аналітыка, дырэктара афіцыйнага партнёра «Альпары» ў Мінску Аляксандра Сабодзіна.
«Прамога ўздзеяння на Беларусь дэфолт Аргенціны не акажа.
Памеры эканамічнага супрацоўніцтва нашай краіны з Аргенцінай невялікія. Асноўным крэдыторам Аргенціны з'яўляюцца амерыканскія кампаніі», — патлумачыў Сабодзін.
«Галоўнае, каб дэфолт не адбіўся на становішчы грамадзян Аргенціны, хоць сам па сабе дэфолт не можа быць лёгкім. З аднаго боку, дзяржава адмаўляецца ад сваіх фінансавых абавязацельстваў, а з іншага боку, ёй усё адно неабходна падтрымліваць дабрабыт грамадзян праз атрыманне крэдытаў. А браць крэдыты краіне ў стане дэфолту надзвычай цяжка.
Але дэфолт — як кінуты ў ваду камень, ад якога разыходзяцца кругі
Інвестары становяцца больш асцярожнымі, і кошт запазычвання грошай расце. У падаражанні крэдытаў і можа заключацца пэўнае ўскоснае ўздзеянне дэфолту Аргенціны на Беларусь».