Злачынныя дзеянні нячыстых на руку кіраўнікоў выклікаюць страту даверу да органаў улады.
Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб удасканаленні заканадаўства па барацьбе з карупцыяй.
«Злачынныя дзеянні нячыстых на руку кіраўнікоў выклікаюць страту даверу да органаў улады, абцяжарваюць функцыянаванне грамадскіх механізмаў, перашкаджаюць рэалізацыі ў краіне інвестыцыйных праектаў, сур'ёзна ўплываюць на эканамічныя сістэмы суб'ектаў гаспадарання, — падкрэсліў Лукашэнка. — Таму любая спроба вырашыць свае шкурныя пытанні, урваўшы нешта ў дзяржавы або дзейнічаючы ў абыход афіцыйных працэдур праз нейкія сувязі, дары патрэбным людзям, адкаты, распілоўванні і паборы, павінна карацца без аглядкі на чыны, званні і ранейшыя заслугі правапарушальніка».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо не ў першы раз вядзецца гаворка пра тое, як эфектыўна процідзейнічаць гэтаму сацыяльнаму злу.
«Думаю, няма неабходнасці тлумачыць, якую небяспеку нясе карупцыя. Яе нездарма лічаць адной з найбольш значных пагроз нацыянальнай бяспекі», - сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, карупцыйныя працэсы здольныя разбурыць любую, самую дасканалую сістэму — сацыяльную і эканамічную. Дыспрапорцыя ў даходах карумпаванай і законапаслухмянай частак насельніцтва заканамерна становіцца падставай для нарастання грамадскага пратэсту.
Пры гэтым, паводле яго слоў, важна разумець: карупцыя - гэта не толькі хабары, якія ва ўсіх на слыху. Карупцыйныя схемы шматлікія і ўдасканаленыя, яны выяўляюцца ў самых розных сферах дзейнасці і пастаянна змяняюцца ў залежнасці ад жыццёвых рэалій.
Як лічыць Лукашэнка, гэта абавязвае эфектыўна рэагаваць на ўсе карупцыйныя рызыкі і пагрозы. «І, я мяркую, нам цалкам пад сілу вытруціць з асобных розумаў смагу незаконнай нажывы і стварыць такія ўмовы, якія прымусяць усякага аматара лёгкіх грошай моцна задумацца: а ці варта аўчынка» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Прынамсі, тыя сядзельцы, якія адбылі або адбываюць адпаведныя тэрміны, выразна адказваюць на гэтае пытанне», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.