Беларусь будзе рабіць усё для нармалізацыі сітуацыі ва Украіне. Пра гэта сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з экс-прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмам.

«Усё, што трэба, мы зробім. Вы не чытайце і не слухайце, што тут усялякія кажуць пра нейкі піяры, іміджы. Нам нічога гэтага не трэба. Вы гэта добра ведаеце. Пасярэдніцтва я не трываю наогул, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы будзем разам з вамі рабіць для нашай Украіны ўсё неабходнае, каб хоць неяк знізіць напал супрацьстаяння на ўсходзе Украіны. Мы ў гэтым вельмі зацікаўлены», — паведамляе БелТА.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў час праведзенай 29 ліпеня тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам былі досыць падрабязна абмеркаваныя праблемы ва Украіне.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай, адзначыўшы, што яшчэ ў часы прэзідэнцтва Леаніда Кучмы краіны дасягалі тавараабароту ў $ 6-7 млрд.

«Для нас гэта жыццёва важна з пункту гледжання жыцця нашай Беларусі, а не нейкага там піяру. На крыві, калі гінуць людзі, піяр ніхто не робіць.

Таму вы можаце быць упэўнены, што, колькі трэба мерапрыемстваў, столькі мы і правядзем для той групы, у якой вы сёння працуеце», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Ён папрасіў мяне, каб я паспрыяў арганізацыі працы вашай групы. І калі ён сказаў, што ад Украіны будзеце працаваць вы, я шчыра ўзрадаваўся, — адзначыў кіраўнік Беларусі. - Вы ў гэтай сітуацыі, паводле нашага пасольства, вядзеце сябе вельмі актыўна для таго, каб супакоіць і стабілізаваць сітуацыю ва Украіне. І я ўзрадаваўся, што ваш вопыт быў запатрабаваны».

«Сёння прэзідэнты Украіны (а былых прэзідэнтаў не бывае) павінны ўсе ўключыцца ў гэты працэс і дзе толькі магчыма ўнесці свой уклад для стабілізацыі становішча ў роднай для нас Украіне. І калі Пятро Парашэнка папрасіў годна арганізаваць гэта мерапрыемства, я яму сказаў: усё зробім, толькі каб было лепш ва Украіне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу, Леанід Кучма адзначыў, што Украіна перажывае не самыя лепшыя часы.

«Пытанне стаіць рубам — быць Украіне ці не быць. Падзеі апошніх месяцаў больш ствараюць пытанняў, чым адказаў. А адказаў, на жаль, няма да гэтага часу. І мы ў нейкай меры за адказамі прыехалі сюды. З вашай і з божай дапамогай будзем старацца іх знаходзіць», — адзначыў ён.

Як паведамляе Інтэрфакс, магчыма, сустрэча кантактнай групы наконт Украіны пройдзе сёння ў рэзідэнцыі «Заслаўе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?