Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, у міліцыю звярнулася некалькі чалавек з заявамі, што іх абрабавалі.
Адзін з пацярпелых расказаў, што пазнаёміўся з дзяўчынай у начным клубе. Размаўляла яна па-англійску, назвалася «Ханнай Джэферсан» з Лос-Анжэлеса. А раніцай хлопец не знайшоў кашалька (10000 расійскіх рублёў, 700 даляраў) і пашпарта.
Пацярпелая дзяўчына паведаміла, што з ёй «Ханна» пазнаёмілася на вуліцы і прапанавала зайсці ў кавярню. Калі яна выйшла ў прыбіральню, «амерыканка» забрала яе сумачку і сышла.
Яшчэ з адным хлопцам дзяўчына пазнаёмілася ў метро. Назвалася, праўда, Аішай. У выніку малады чалавек не далічыўся 3 мільёны рублёў.
Аператыўнікі высветлілі, што «амерыканка» — гэта 22-гадовая беларуска Ганна, якую раней прыцягвалі да адказнасці за крадзяжы і махлярства. Па інфармацыі міліцыі, пастаяннага месца жыхарства дзяўчына не мае — жыве на здымных кватэрах.
Хто ведае месцазнаходжанне дзяўчыны на фота альбо пацярпеў ад яе, звяртайцеся ў Цэнтральнае РУУС Мінска на: (017) 288-02-02, (029) 633-65-81.