Фота Кацярыны Штукінай, izvestia.ru
У Беларусі пануе надзвычайная спёка. Такое надвор'е лепш за ўсё перачакаць, лежачы ў цяньку на беразе мора ці возера са шклянкай прахладнага напою ў руцэ. На жаль, доўгія летнія канікулы — для школьнікаў і студэнтаў. Большасці ж улетку даводзіцца працаваць.
Добра, калі працоўнае памяшкане абсталявана кандыцыянерам ці іншай сістэмай падтрымання аптымальнай тэмпературы паветра. А калі кандыцыянера няма, і праца ў душным гарачым памяшканні прыносіць хіба што пакуты? Ды і на працаздольнасці і стане здароўя праца пры высокіх тэмпературах адбіваецца не лепшым чынам.
У такім выпадку супрацоўнік мусіць ведаць свае правы, а наймальнік — абавязкі.
Паводле Працоўнага кодэкса, наймальнік мусіць «забяспечваць на кожным працоўным месцы ўмовы працы, якія адпавядаюць патрабаванням па ахове працы, выконваць вызначаныя нарматыўнымі прававымі актамі, у тым ліку тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, патрабаванні па ахове працы, а пры адсутнасці ў нарматыўных прававых актах, у тым ліку ў тэхнічных нарматыўных прававых актах, патрабаванняў па ахове працы прымаць неабходныя меры, якія забяспечваюць захаванне жыцця, здароўя і працаздольнасці работнікаў у працэсе працоўнай дзейнасці».
Патрабаванні да тэмпературнага рэжыму ў працоўных памяшканнях зафіксаваныя ў санітарных нормах і правілах (СНП) «Патрабаванні да мікраклімату працоўных месцаў у вытворчых і офісных памяшканнях».
Так, для сядзячай працы з невялікай энергазатратай, куды адносіцца і праца ў офісе, аптымальнай працоўнай тэмпературай у цёплую пару года вызначана 23-25°С пры адноснай вільготнасці паветра 40-60%.
Максімальная дапушчальная тэмпература ў памяшканні пры такой працы — 28°С, адносная вільготнасць — 75%.
Калі ж тэмпература падымаецца вышэй, супрацоўнік можа дабівацца ад наймальніка скарачэня працоўнага часу.
Паводле нормаў СНП, найбольшы час працы ў памяшканні з тэмпературай паветра 28,5°С складае 7 гадзін, пры тэмпературы 29°С — 6 гадзін.
Для прафесій, звязаных з больш інтэнсіўнай энергазатратай, мусяць падтрымлівацца меншыя тэмпературы.
Табліца найбольшага часа знаходжання супрацоўніка на працоўным месцы пры тэмпературах вышэйшых за дапушчальныя велічыні выглядае наступным чынам:
Тэмпература паветра на працоўным месцы, °С | Максімальны час знаходжаня на працоўным месцы паводле катэгорыі энергазатратнасці працы, гадзін | ||
Іа-Іб | ІІа-ІІб | ІІІ | |
32,5 | 1 | - | - |
32,0 | 2 | - | - |
31,5 | 2,5 | 1 | - |
31,0 | 3 | 2 | - |
30,5 | 4 | 2,5 | 1 |
30,0 | 5 | 3 | 2 |
29,5 | 5,5 | 4 | 2,5 |
29,0 | 6 | 5 | 3 |
28,5 | 7 | 5,5 | 4 |
28,0 | 8 | 6 | 5 |
27,5 | - | 7 | 5,5 |
27,0 | - | 8 | 6 |
26,5 | - | - | 7 |
26,0 | - | - | 8 |
Даведка «НН»: да катэгорыі Іа адносцца працы, якія выконваюцца седзячы і суправаджаюцца нязначнымі энергазатратамі (120 ккал/г).
Працы катэгорыі Іб выконваюцца седзячы, стоячы ці з неабходнасцю хадзіць. Гэтыя працы суправаджаюцца некаторым фізічным напружаннем (121-150 ккал/г).
Катэгорыя ІІа — працы з энергазатратамі 151-200 ккал/г, звязаныя з пастаяннай хадой ці перамяшчэнням невялікіх аб'ектаў вагою да 1 кг.
Да катэгорыі ІІб адносяцца працы з энергазатратамі 201-250 ккал/г, якія звязаныя з пастаяннай хадой ці перамяшчэнням цяжару вагой да 10 кг.
Самыя цяжкія працы адносяцца да катэгорыі ІІІ. Гэта працы, якія патрабуюць перамяшчэння грузай вагой больш за 10 кг і значных фізічных высілкаў (энергазатраты арганізма большыя за 250 ккал/г).