Былы старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ігар Жылін кампенсаваў нанесены дзяржаве ўрон. Гэта вынікае з заяў, зробленых Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам сёння на нарадзе аб удасканаленні заканадаўства па барацьбе з карупцыяй, перадае БЕЛТА.

У якасці прыкладу ўзважанага падыходу пры прыняцці тых ці іншых рашэнняў кіраўнік дзяржавы прывёў сітуацыю з былым старшынёй «Белнафтахіма» Ігарам Жыліным.

«Калі чалавек кампенсаваў гэтыя затраты, не самы ж страшны карупцыянер. Ён нанёс вялікі ўрон дзяржаве — гэта дрэнна. Кампенсаваў — не трэба яго хапаць і цягнуць за краты», — падкрэсліў Лукашэнка, адзначыўшы даволі паважны ўзрост Ігара Жыліна.

«Гэта не значыць, што мы ім павінны дараваць. Ні ў якім разе. Яму ніхто не даваў права за кошт падпарадкаванага сабе прадпрыемства кватэру ўтрымліваць, мець кватэру ў Мінску, жонку абслугоўваць за кошт дзяржавы.

Гэта недапушчальна, гэта ўрон. Але ён быў аблічаны, памножаны на тры. Заплаціў — до свіданія», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Перабору не павінна быць, бо гэта будзе іншая крайнасць. Нас людзі не зразумеюць. Я, для прыкладу, узяў Жыліна, але ёсць і іншыя факты», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ігар Жылін быў вызвалены ад пасады кіраўніка «Белнафтахіма» Пастановай урада №631 ад 30 чэрвеня. Апроч таго, у інтэрнэце з'явіліся паведамленні аб ягоным арышце.

Ураджэнец Арджанікідзэ (зараз Уладзікаўказ) Ігар Жылін, якому ў студзені споўнілася 73 гады, узначаліў канцэрн 4 лютага 2011 года. Дагэтуль (з 11 жніўня 2009 года) ён узначальваў прадпрыемства «Гродна-Азот». У 1990—1993 гадах быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Расіі, з'яўляўся намеснікам старшыні парламенцкага камітэта па пытаннях эканамічнай рэформы і ўласнасці. З 2003 года працаваў тэхнічным кансультантам кампаніі «СярэднеАзГаз» (Масква), з 2006 года — першым намеснікам генеральнага дырэктара АТ «Энерджы Інвест» (Руставі, Грузія).

Па прыездзе ў нашу краіну Жылін атрымаў беларускае грамадзянства. 

Паводле крыніц партала TUT.BY, Жылін або яго жонка нібыта выкарыстоўвалі службовы мабільны тэлефон у сваіх асабістых мэтах. У выніку нагаварылі на суму больш за 10 тысяч долараў.

Акрамя таго, былі пытанні ў сілавікоў і да яго прасторнай кватэры, за якую выплачвалася высокая, на іх думку, арэндная плата.

Ігар Жылін быў адным з атрымантаў элітнай зямлі ў Веснінцы («Дразды-2»). Ягоныя суседзі расказвалі, што будаўнічыя матэрыялы на ўчастак гэтага занятага чалавека прывозілі пераважна ўначы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?