Незалежны журналіст, які супрацоўнічае з радыё «Рацыя», Яўген Скрабец распавёў, што супрацоўнікі КДБ спрабавалі завербаваць яго, калі ён уладкоўваўся на працу. Размова адбылася ў кабінеце галоўнага інжынера аўтобуснага парка №1 ААТ «Брэстаблаўтатранс».

«Цягам ліпеня я спрабаваў уладкавацца на працу ў той самы аўтапарк, ды не проста спецыялістам, а начальнікам аддзела турызму, маркетынгу і замежнаэканамічнай дзейнасці, — піша Скрабец у сваім Фэйсбуку. — Дырэктара прадпрыемства цікавіў не столькі досвед працы ў галіне, колькі новыя ідэі, здольныя выцягнуць з крызісу аддзел турызму. Першая сустрэча з дырэктарам, пасля яго намеснікам па эканоміцы і вось нарэшце прэзентую тройцы (была яшчэ жанчына) свой міні-план развіцця». 

Але ў часе канчатковага сумоўя дырэктар сказаў: «Яўген, наша з табою далейшае з табою супрацоўніцтва залежыць ад размовы з двума людзьмі, якія чакаюць цябе ў суседнім кабінеце».

Скрабец меркаваў, што там яго папросту папярэдзяць аб тым, што работа ў дзяржустанове не мусіць перасякацца з грамадскай ды журналісцкай дзейнасцю…

«Аднак прысутныя там сходу пачалі дзяліцца інфармацыяй аб маім жыцці за апошні год, кантактах, паездках, дзейнасці, учынках і нават асабістым жыцці, — расказвае Скрабец. — Гутарка вялася доўга, з перапынкам на перакур (ад гарбаты адмовіўся)».

Са словаў Скрабца, яму абяцалі пасаду, жыллё, узамен на сакрэтнае супрацоўніцтва. Кагэбістаў цікавіла інфармацыя пра новыя моладзевыя рухі, прыезды ў Беларусь украінцаў. Таксама цікавілі іх любыя асяродкі моладзі, культурніцкія ініцыятывы, СМІ, канкрэтныя асобы, а таксама фінансаванне апазіцыі.

Скрабец адмовіўся. «Кіраўніку прадпрыемства проста паведаміў, што супрацоўнічаць я адмаўляюся і таму апошняе слова за вамі. Дырэктар моўчкі паціснуў руку не кажучы ні «да» ні «не», мы развіталіся», — апавядае Скрабец.

Скрабец тлумачыць сваю адмову тым, што не хоча быць «пацуком» сярод людзей, з якімі меў адносіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0