Спажыванне газу ў Беларусі да 2020 года ў адпаведнасці з перспектыўным балансам складзе 23-25 млрд.куб.м у год. Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра энергетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец сёння на пасяджэнні рабочай групы Х Мінскага форуму.

Паводле яго слоў, хоць фактычнае спажыванне газу ў рэспубліцы ўзрасце, доля гэтага віду паліва ў энергабалансе будзе зніжацца за кошт дыверсіфікацыі паставак энергарэсурсаў і павелічэння выкарыстання мясцовых відаў паліва.

Эдуард Таўпянец адзначыў, што такія патрэбнасці ў прыродным газе Беларусі абумоўлены развіццём эканомікі рэспублікі - да 2020 года плануецца вытворчы рост у 2-2,5 раза. Акрамя таго, рэалізуецца праграма газіфікацыі населеных пунктаў, у тым ліку раёнаў, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. На забруджаных тэрыторыях павінна выкарыстоўвацца экалагічна чыстае паліва - прыродны газ, падкрэсліў першы намеснік міністра.

Разам з тым за кошт дыверсіфікацыі паставак энергарэсурсаў і зніжэння энергаёмістасці ВУП у Беларусі будзе забяспечана адноснае зніжэнне спажывання прыроднага газу. Калі не прымаць гэтых мер, то згодна з разлікамі, у 2020 годзе ў рэспубліцы спажыванне прыроднага газу магло б узрасці да 35 млрд.куб.м, адзначыў Эдуард Таўпянец.

Ён таксама праінфармаваў, што ў рэспубліцы распрацавана праграма развіцця падземных сховішчаў газу (ПСГ). Яна прадугледжвае паэтапнае стварэнне ў максімальна сціслыя тэрміны Мазырскага ПСГ магутнасцю да 1 млрд.куб.м газу. Гэта будзе унікальнае сховішча, якое зможа аддаваць да 80 млн.куб.м газу за суткі. І такім чынам забяспечыць энергабяспеку Беларусі на выпадак форс-мажорных абставін з пастаўкамі газу або рэзкім пахаладаннем. Акрамя таго, плануецца пашырыць прадукцыйнасць Прыбугскага ПСГ да 0,6 млрд.куб.м да 2011 года. Вядуцца разведачныя работы для будаўніцтва падземнага сховішча газу на Межынскай пляцоўцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?