У аўторак тэлеканал CNN са спасылкай на крыніцы ў разведцы ЗША паведаміў, што ўкраінскія сілавікі пачалі выкарыстоўваць пад час баявых дзеянняў на ўсходзе балістычныя ракеты малой далёкасці з 454-кілаграмовымі боегалоўкамі і радыусам дзеяння ў 80 кіламетраў. Гэта самая разбуральная зброя, якая да гэтага часу выкарыстоўвалася ў канфлікце, канстатаваў CNN.
Сёння спікер інфармацыйнага цэнтра Савета нацбяспекі і абароны (СНБА) Украіны Андрэй Лысенка абверг заявы CNN. Ён заявіў, што балістычныя ракеты малой далёкасці, сярэдняй далёкасці былі поўнасцю знішчаныя ва Украіне 1 ліпеня 1996 года.
Нарэшце з'явілася заява кіраўніка місіі Украіны пры НАТА, пасла Ігара Даўгова:
«Сёння сталі распаўсюджвацца паведамленні аб нібыта выкарыстанні ўзброенымі сіламі Украіны ў час АТА «балістычных ракет». Некаторыя з тых крыніц спасылаліся на НАТА. У сувязі з гэтым місія Украіны пры НАТА праверыла гэтыя паведамленні і атрымала інфармацыю ў альянсе, што афіцыйныя прадстаўнікі такіх паведамленьняў не распаўсюджвалі. Іх не было», — заявіў ён.
Адказваючы на пытанне, з якой мэтай была распаўсюджаная такая інфармацыя, кіраўнік місіі звярнуў увагу на тое, што больш за ўсіх зацікавіліся гэтымі паведамленнямі расійскія ці звязаныя з расійскімі СМІ.
«Мэта становіцца відавочнай — калі кожны дзень Украіна прыводзіць факты абстрэлаў нашай тэрыторыі з таго боку і
калі гэтаму няма чаго супрацьпаставіць, то, відавочна, у ход ідуць усе магчымыя сродкі, у тым ліку і распаўсюджванне без усялякіх на тое падставаў такога роду псеўдапаведамленняў», — заявіў кіраўнік місіі Украіны пры НАТА.