Аляксандр Лукашэнка даручыў дапрацаваць інвестпраект па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу на плошчах аб'яднання «Гарызонт» у Мінску.

Аб адпаведных планах кіраўніку дзяржавы дакладвалі першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон, старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, памочнік прэзідэнта Кірыл Руды і гендырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Гарызонт» Юрый Прадко.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэтая тэрыторыя з'яўляецца вельмі выгадным месцам і ласым кавалкам для любога інвестара. «Што мы там будзем будаваць, што зараз там знаходзіцца і адбываецца з гэтымі будынкамі, і на якіх умовах мы будзем прыцягваць інвестара?» — задаў пытанне Лукашэнка.

Ён адзначыў, што як краіна ў цэлым, так і беларуская сталіца ў прыватнасці, перш за ўсё яе жыхары, павінны атрымаць карысць ад рэалізацыі гэтага інвестпраекта. Паводле яго слоў, калі гаворка ідзе толькі толькі аб будаўніцтве яшчэ адной гасцініцы або дадатковых офісных памяшканняў, то асаблівай неабходнасці ў такім праекце няма.

Як паведаміў журналістам па выніках дакладу Мікалай Ладуцька, канцэпцыя комплексу будзе дапрацавана.

Плануецца, што па сваім наборы функцый ён будзе ў максімальнай ступені адказваць запытам жыхароў Мінска. Тут мяркуецца размясціць жылыя памяшканні, аказваць розныя паслугі: гандлю, аздараўлення, харчавання, бытавога абслугоўвання. Адпаведна, у сталіцы з'явяцца новыя працоўныя месцы, спатрэбіцца будаўніцтва аўтастаянак, у тым ліку падземных.

Побач з пляцоўкай аб'яднання «Гарызонт», размешчанай у межах вуліц Чырвоная, Машэрава, Куйбышава і Кісялёва, знаходзіцца яшчэ адна буйная інвестпляцоўка, дзе размешчана тралейбуснае дэпо, якое не выкарыстоўваецца.

«Гэтую тэрыторыю мы разглядаем у комплексе з засваеннем пляцоўкі «Гарызонт». Гэта будзе адзіны інвестпраект», — сказаў старшыня Мінгарвыканкама.

Ён таксама паведаміў, што кіраўнік дзяржавы паставіў задачу рэалізаваць адпаведны праект пры актыўным удзеле Мінгарвыканкама з прыцягненнем аднаго або некалькіх беларускіх банкаў. «Увесь разліковы прыбытак будзе накіраваны на развіццё горада і яго прамысловага патэнцыялу», — падкрэсліў Мікалай Ладуцька.

Старшыня Мінгарвыканкама адзначыў, што скарачэнне вытворчых плошчаў ўнутры сталіцы з'яўляецца аб'ектыўным працэсам. Гэтаму спрыяе вынас пэўных прадпрыемстваў і вытворчасцей за межы горада і ўкараненне новага тэхналагічнага абсталявання, што цягне за сабой зніжэнне патрэбнасці ў працоўнай сіле і вызваленне вытворчых плошчаў.

«Гэта сусветны аб'ектыўны працэс», — мяркуе Мікалай Ладуцька.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?