У населеных пунктах Беларусі некалькі дзясяткаў тысяч вуліц. Партал Realt.by падлічыў, якія назвы сустракаюцца часцей за ўсё. На першым месцы вуліца Цэнтральная, па якой можна прайсці з 4742 населеных пунктах. Услед Маладзёжная (2156) і Садовая (2106).
Сярод дваццаці самых папулярных назваў няма ніводнай, прысвечанай асобам, — спрэс Зялёныя, Сонечныя, Першамайскія…
Але усё ж хто з гістарычных асобаў ушаноўваўся найчасцей?
На першым месцы Уладзімір Ленін, у сітуацыі з ім падсумаваныя «вуліцы Леніна» і «вуліцы У.І.Леніна». Агулам іх налічылася 424.
Не нашмат ад рэвалюцыянера адстаў першы касманаўт Юрый Гагарын, ушанаваны ў назвах вуліц 404 разы.
З вялікім адрывам ідуць яшчэ адзін рэвалюцыянер Сяргей Кіраў (204) і паэт Аляксандр Пушкін (196). Далей Фелікс Дзяржынскі (154), Міхаіл Калінін (148), а таксама Васілій Чапаеў (141).
І толькі ўслед за імі — на восьмым месцы - Янка Купала (138). Ён адзіны беларус у топ-10. Якуб Колас заняў толькі 11-е месца (122). Між імі Валерый Чкалаў (137) і Канстанцін Заслонаў (130).