Член камітэта Дзяржаўнай думы РФ па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Раман Худзякоў прапаноўвае спыніць пастаўкі нафты ў Беларусь у адказ на абяцанне Мінска дапамагчы Кіеву нафтапрадуктамі.

У інтэрв'ю радыёстанцыі «Говорит Москва» палітык заявіў, што ўражаны гэтай навіной. 

«Мы ўсе добра ведаем, што Украіна пры дапамозе гэтых гаруча-змазачных сродкаў запраўляе танкі, бронетранспарцёры і іншую ваенную тэхніку, якая ўдзельнічае ў баях у Данецкай і Луганскай абласцях. Няўжо Лукашэнка не разумее, што, дапамагаючы Парашэнку, ён знішчае брацкі народ Украіны?!» — абураны дэпутат. Ён падкрэсліў, што лічыць дзеянні беларускага лідара недружалюбнымі ў дачыненні да Расіі і «неасэнсаванымі».»Калі Беларусь пойдзе на такі крок і будзе, па сутнасці, фінансаваць вайну супраць Данецка і Луганска, тады мы, я лічу, павінны поўнасцю спыніць пастаўкі любых гаруча-змазачных матэрыялаў на тэрыторыю гэтай дзяржавы», — заявіў Худзякоў. 

Нагадаем, як паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі, падчас тэлефоннай гутаркі 4 жніўня Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам «асаблівую ўвагу прэзідэнты надалі тэме паставак нафтапрадуктаў з Беларусі ва Украіну». «Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь разумее вастрыню гэтага пытання з улікам уборачнай кампаніі і таму, нягледзячы на ўнутраныя патрэбнасці, акажа садзейнічанне Украіне ў забеспячэнні яе эканомікі нафтапрадуктамі», — гаварылася ў паведамленні. 

У інфармацыі пра тэлефонную гутарку кіраўнікоў дзвюх дзяржаў, распаўсюджанай прэс-службай прэзідэнта Украіны, не згадвалася аб пастаўках нафтапрадуктаў з Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?