У Беларусі ўдасканальваецца кантроль за мэтавым выкарыстаннем ільготных крэдытаў, што прадастаўляюцца на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў.

Адпаведны ўказ №396 «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў ва ўказы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 6 жніўня.

«У мэтах удасканалення кантролю за мэтавым выкарыстаннем ільготных крэдытаў, якія прадастаўляюцца ААТ «ААБ Беларусбанк» і ААТ «Белаграпрамбанк» на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, дапаўненні і змяненні ўносяцца ва ўказы ад 2 верасня 1996 года нумар 346 «Аб некаторых мерах па развіцці жыллёвага будаўніцтва ў вёсцы», ад 6 студзеня 2012 года нумар 13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў» і ад 6 чэрвеня 2013 года нумар 263 «Аб долевым будаўніцтве аб'ектаў у Рэспубліцы Беларусь», - праінфармавалі ў прэс-службе.

Уводзяцца нормы, згодна з якімі пералічэнне льготных крэдытаў на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылых памяшканняў ажыццяўляецца ААТ «ААБ Беларусбанк» і ААТ «Белаграпрамбанк» на спецыяльныя рахункі, адкрытыя ў названых банках для заказчыкаў і падрадных арганізацый.

Сродкі, пералічаныя на спецыяльныя рахункі, будуць выкарыстоўвацца толькі па мэтавым прызначэнні на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылых памяшканняў і накіроўвацца на фінансаванне работ і затрат, уключаных у зводны каштарысны разлік.

У адносінах да такіх разлікаў абмяжоўваецца бясспрэчнае спагнанне грашовых сродкаў, а таксама не дапускаецца арышт і прыпыненне расходных аперацый. Выплата падаткаў, збораў, іншых абавязковых плацяжоў у бюджэт за кошт грашовых сродкаў, залічаных на спецыяльныя рахункі, праводзіцца не будзе.

Улічваючы, што спецыяльныя рахункі будуць адкрывацца на кожны жылы дом, удакладняецца паняцце аб'екта будаўніцтва. Пад аб'ектам будаўніцтва маецца на ўвазе адзін жылы дом, у той час як да гэтага часу ў якасці аб'екта будаўніцтва маглі выступаць некалькі жылых дамоў, што ўскладняла кантроль за мэтавым выкарыстаннем накіраваных на будаўніцтва сродкаў.

Прадугледжваецца, што забудоўшчык мае права ў працэсе будаўніцтва знізіць за кошт змяншэння памеру прыбытку цану аб'ектаў долевага будаўніцтва для ўсіх дольшчыкаў. Гэта рашэнне афармляецца дадатковым пагадненнем да дагавора.

Устанаўліваецца, што калі дольшчык атрымаў у працэсе будаўніцтва права на льготны крэдыт, то пры наяўнасці пацвярджальных дакументаў у абавязковым парадку па заяве дольшчыка забудоўшчыкам праводзіцца пераразлік цаны аб'екта долевага будаўніцтва (цаны дагавора) з выключэннем прывязкі да замежнай валюты за ўвесь перыяд будаўніцтва.

Акрамя таго, унесены некаторыя іншыя змяненні, неабходнасць якіх выяўлена ў ходзе прымянення заканадаўства аб жыллёвым будаўніцтве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?