Добры вечар, дзеўчына!
Куды йдзеш?

З народнай песні 

Я-грамадзянін. Упёрты стратэг. Гатовы прасякнуцца супольнаю справай нават тады, калі і грошы за гэта не атрымліваю. Імпэт і здольнасці стратэга яскрава выяўляю падчас лёсавызначальных для краіны падзей, калі з пераліку матэрыяльных чужых і нематэрыяльных уласных каштоўнасцей і прыярытэтаў без ваганняў аддаю правагу першым, як правіла, геаграфічна ад родных абшараў далекаватым, — нафце, газу, вугалю і г.д. Лёгка купляюся на абяцанкі сяброўства, у тым ліку і вечнага. Чым больш ніякі ў гаспадарчых справах, тым больш да стратэгіі і развагаў пра яе схільны.

Я-сем’янін. Дзеталюб. Ва ўсім, што ні раблю, кіруюся выключна меркаваннем мэтазгоднасці з пункту гледжання забеспячэння выгодаў для дзяцей і ўнукаў. За што яны часта плацяць мне чорнаю няўдзячнасцю, выцягваючы ўпотай з сямейных схронаў ды падполаў сталовае начынне (патэльні, плошкі, фужэры, шклянкі і інш.) ды здаючы яго ў пункт другаснай сыравіны дзеля атрымання капейчыны на выратавальнае зелле пасля перапіву.

Я-выхавальнік. Роспачлівец. Убачыўшы на экране тэлевізара барадатую жанчыну, пужаюся і тут жа пачынаю наракаць на ўвесь белы свет, як цяжка было мне ўчора падчас сямейнага прагляду той тэлеперадачы растлумачыць непаўнагадоваму сыну (пляменніку, унуку, праўнуку) факт гэткае ейнае вычварнае барадатасці.

Я-працаўнік. Працаголік-патрыёт. Часткова — хітраван. Гатовы хадзіць на службу да 90-гадовага ўзросту і ўсё — з меркаванняў быццам бы вышэйшых, маўляў, дзеля мацавання любай айчыны. Але толькі пры ўмове, што мяжа выхаду на пенсію ў бліжэйшы час ні на хвіліну не падвысіцца.

Я-маёмаснік. Распешчаны супербагацей. Ем на ноч бульбу з мясам, а на куды таннейшыя рэкамендаваныя спецыялістамі да ўжывання рыбу ці селядзец і гля-дзець не хачу.

Я-спажывец. Ахвотнік да добрага, але пажадана таннага. Кепскае нятаннае абыходжу за вярсту. На нятаннае добрае — аблізваюся ў чаканні: а раптам заўтра патаннее. Зрэдку, набраўшыся мудрасці, што жыць напоўніцу варта ўсё-такі не заўтра, а сёння — у рэшце рэшт прынаднае нятаннае набываю.

Я-мінак. 1. Хамула-калектывіст: «Гэй, мужык, слыш, дай закурыць!» або: «Гэй, мужык, слыш, дакладзі — не хапае». 2. Калектывіст—тонкі псіхолаг: «Гэй, мужык, слыш, можна ў цябе спытаць?..»

Я-начальнік. Спецыяліст шырокага профілю. Два ў адным — як мінімум. І вытворчасць «выцягну», і собскую кішэню, як магчымасць надарыцца, «пагрэю», і грамадзянскай пазіцыяй падначаленых грунтоўна пацікавіцца за лішні клопат не палічу, і шмат што іншае з няпісанага начальніцкага кодэксу не адпрэчу.

Я-падначалены. Звычайны, паводле агульнавядомага выслоўя: ты начальнік — я дурань.

Я-сусед. Спачувальнік-дабраслівец. «Суседка казала: паехала дачка ў Кіеў, а яны, уяўляеце, майдан у сябе, сволачы, пасярод горада ўладзілі… І як там цяпер быць беднай дзеўцы? Вось што ёй рабіць, скажыце, га?»

Я-каханак. Чуллівец. Закохваюся часцей, чым дазваляе ўнутраны, аслаблены радыяцыяй і празмернаю схільнасцю да моцных напояў эмацыйны рэсурс. Пры першай няўдачы ў амурных справах плачу, адчайна шукаю вяроўкі ці хоць якога шнура ды пагражаю начным праменадам пад мост — быццам бы з мэтаю засіліцца. Натыкнуўшыся на абыякавасць аб’екта закаханасці да такіх захадаў або не знайшоўшы вартага начыння, лёгка мяняю кірунак вандроўкі і замест моста сунуся ў бліжэйшую забягалаўку.

Я — сябра грамадскага таварыства. Вынаходлівы мімікрыст. Упісаўшыся, напрыклад, у якую-небудзь антыалкагольную суполку, рэзка мяняю звыклы лад жыцця і бяру за ўзор паводзіны персанажа з байкі Эдуарда Валасевіча: «Ён ноччу піў пад коўдраю гарэлку, а днём — мінводы на пахмелку».

Я-медыяпрацаўнік. Чалавек-шарык. У сітуацыі санкцыяванай і нядвухсэнсоўнай — кругла брашу, у несанкцыяванай двухсэнсоўнай — спадцішка, але ўсё гэтак жа кругла падбрэхваю.

Я — аб’ект-суб’ект навукова-тэхнічнага прагрэсу. Сучасная, але дазвання аддадзеная ладу жыцця і памяці продкаў асоба. Карыстаючыся найноўшага выпуску мабільным тэлефонам і камп'ютарам, здольны напоўніць маніпуляцыі з імі такім зместам, быццам усё гэта — толькі саха ды каса, адно што мадэрнізаваныя.

Я-інтэрнаўт. З колеру шаліка, камізэлькі, ботаў, валасоў ды інш. магу быць які заўгодна: і чырвоны, і жоўты, і руды, і бялявы. Светапоглядна найчасцей — з адценнямі натуры зялёнага чалавечка. Сутнасць выяўляю ад хвіліны, як пачынаю пісаць каментары да артыкулаў на інтэрнэт-форуме. Адмысловец на варце чужога сумлення. Вельмі пераймаюся тым, як паглядзяць, напрыклад, суседзі-ўкраінцы ў вочы маткам з Растова, Калугі або Пензы, чые дзеці, найміты сепаратыстаў, пакалечыліся ці загінулі падчас антытэрарыстычнай аперацыі ў Данецку і Луганску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0