Аляксандр Лукашэнка яшчэ 22 лістапада падпісаў закон № 287‑З «Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія здзейснілі злачынства». Вядома пра гэта стала толькі сёння.

Нагадаем, дакумент быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 кастрычніка, і 16 лістапада ўхвалены Саветам рэспублікі. У выніку амністыі ад адбывання пакарання будуць вызваленыя каля 1,7 тысяч чалавек з выпраўленчых устаноў закрытага тыпу і каля 850 чалавек з выпраўленчых устаноў адкрытага тыпу.

Закон уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.

Між іншым, пакуль невядома ці патрапілі пад амністыю палітвязні Аляксандр Казулін, Андрэй Клімаў, Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў.

Нагадаем, вызваленне палітвязняў — галоўная ўмова Еўразвяза для нармалізацыі стасункаў з Беларуссю. Нядаўнія санкцыі ЗША супраць канцэрна «Белнафтахім» таксама былі ўведзеныя ў першую чаргу з прычыны рэпрэсій супраць апазіцыі, фальсіфікацыі вынікаў выбараў і татальнага парушэння правоў чалавека.

Хартыя'97

Праваабаронца Гары Паганяйла мяркуе, што наўрад ці нехта з палітвязьняў патрапіць пад амністыю.

«Я знаёміўся з праектам дакумэнту, які падаваўся на разгляд палаты прадстаўнікоў, але канчатковага закону яшчэ ня бачыў. Мяркуючы па праекце, ніхто з палітвязьняў пад амністыю ня трапіць. Андрэй Клімаў асуджаны ўжо ў трэці раз. Аляксандар Казулін не адседзеў траціну тэрміну. Артур Фінькевіч увогуле знаходзіцца цяпер пад сьледзтвам. Прысуд Зьмітру Дашкевічу быў вынесены зусім нядаўна і яшчэ не пасьпеў ўступіць у законную сілу, а гэта значыць, што і ён ня найхутчэй ня трапіць пад амністыю».

Запісаў ЗП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0