Час гэтак шчыльна запоўнены, што газеты, якія выпісваю, чытаю са спазненнем. Але чытаю! І раблю адкрыцці. Па праўдзе сказаць, ніколі не падазраваў, што ёсць такі кандыдат гістарычных навук Міхаіл Смальянінаў. Варонежскі дзядзька. Усё жыццё таптаўся вакол аднае тэмы: рэвалюцыйны рух салдацкіх мас на Заходнім фронце ў 1917 г.; рэвалюцыйная барацьба салдатаў Заходняга фронту пасля звяржэння самадзяржаўя; рэвалюцыйная свядомасць салдатаў Заходняга фронту фронту ў 1917 г. Такія тэмы яго асноўных працаў, зробленых і апублікаваных у савецкі час. Трэба будзе пачытаць іх, хоць прадчуваю, што сустрэнуся там з асноўнымі прыёмамі партыйнай «навукі».

Пакуль тыя кніжкі, пачытаў я ў «Звяздзе» за 1 жніўня адказы М. Смальянінава на пытанні карэспандэнткі Веранікі Канюта. Цікавая гутарка! Вайна сталёвым катком пракацілася па тэрыторыі нашай краіны, але пра тое, як яна паўплывала на Беларусь, на яе далейшае развіццё, – у той гутарцы ані слова. Пра Беларусь у гутарцы хіба што адзін-адзіны абзац, у якім вучоны муж канстатуе, што дагэтуль дакладна невядома, колькі ж чалавек з беларускіх губерняў было мабілізавана ў перыяд Першай сусветнай і колькі расійскіх салдатаў палегла на нашай зямлі. Ну, пра гэта яшчэ Аляксандр Гэрцэн пісаў: нямецкая дынастыя кіруе Расіяй мангольскімі метадамі. А пра стаўленне Чынгіса і Чынгісідаў да чалавечага жыцця, мабыць, няма патрэбы пісаць. Такое стаўленне было ўласцівае, бадай, усім без выключэння маскоўскім князям і царам ды савецкім правадырам: Арда не магла не пакінуць сваю духоўную спадчыну.

Пра гэта — пра непавагу да чалавечага жыцця, пра тое, што Мікалай ІІ дзеля абароны свайго «гонару» кінуў у мясарэзку мільёны людзей, – М. Смальянінаў, ведама, не кажа. Ён разважае і пра барацьбу за калоніі на пачатку ХХ ст., і пра змаганне за сыравіну на пачатку нашага стагоддзя, згадвае і Лядовае пабоішча (нязначны эпізод у параўнанні з Грунвальдскай бітвай), і Другую сусветную вайну…

І не можа ўстрымацца савецкі гісторык, каб не правесці палітінфармацыю. Само сабой, ён не можа, каб не зачапіць Амерыку («сцягваючы з усяго свету сыравіну, беражэ сваю»). «Вось такія краіны, – працягвае М. Смальянінаў, – і дыктуюць свае ўмовы, а пакутуе народ». А далей, як напісана ў вядомым рамане, Астапа панесла. Са Злучаных Штатаў ён перакінуўся на Украіну, дзе людзі «да сёмага поту працуюць у данецкіх шахтах, а іншыя спрабуюць на гэтым узбагаціцца». Хто тыя «іншыя» - пра гэта маўчок. Затое выяўляецца, што ўкраінскі народ «так і не засвоіў урокаў Вялікай Айчыннай вайны». Зрабіўшы агаворку, што гэта тычыцца, не ўсіх украінцаў, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук М. Смальянінаў без сумненняў сцвярджае: «…сярод тых, хто прыйшоў да ўлады не канстытуцыйным, а захопніцкім, узброеным шляхам, шляхам дзяржаўнага перавароту, – атожылкі тых, хто ў той вайне ваяваў на баку фашыстаў, хто падтрымліваў ідэі Бандэры».

Во як закручана! Нямецкі фашызм пастаўлены на адну дошку з ідэямі ўкраінскага патрыёта і незалежніка Сцяпана Бандэры, якога нямецкія акупанты за патрыятызм і незалежніцтва кінулі ў канцлагер. Так і паўстае пытанне: гэты М. Смальянінаў і людзі ў «Звяздзе», якія публікавалі ягоную тыраду, – невукі ці ўдаюць з сябе невукаў?

На думку Смальянінава, «атожылкі тых, хто ў той вайне ваяваў на баку фашыстаў, хто падтрымліваў ідэі Бандэры» служаць цяпер у шэрагах украінскага войска і Нацыянальнай гвардыі, бо «наўрад ці ўнукі і праўнукі герояў Вялікай Айчыннай маглі б сёння ўзяцца за зброю і ваяваць супраць сваіх». З якога часу Гіркін і ўвесь зброд, які ваюе супраць Украіны, – «свае людзі» для ўкраінцаў? Што ж тычыцца войска і Нацгвардыі, то ў іх шэрагах, як гэта ні дзіўна для М. Смальянінава, аб’ядналіся і ўнукі тых, хто падтрымліваў ідэі Сцяпана Бандэры, і ўнукі герояў нямецка-савецкай вайны. Аб’яднала іх любоў да Бацькаўшчыны, жаданне бачыць Украіну незалежнай свабоднай еўрапейскай дзяржавай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?