Мы чакалі, што гэта здарыцца. Перад гэтым, як вам ужо вядома, «Нашу Ніву» не ўключылі ў падпісны каталёг на 2006 год. Такія вось падарункі да 100-годзьдзя газэты.

Адначасова з «НН» спынены распаўсюд яшчэ 16 выданьняў, пераважна рэгіянальных. Іншага выйсьця няма, як самастойна распаўсюджваць газэты празь любыя магчымыя каналы.

Да Новага году газэта будзе даходзіць праз падпіску і «Саюздрукі». Пасьля вам трэ будзе атрымліваць газэту іншым чынам. Для гэтага толькі трэба, каб усе ахвотныя — і цяперашнія падпісчыкі, і непадпісчыкі — даслалі адрасы, на якія мусяць дастаўляцца нумары.

Таксама газэта мае інтэрнэт-сайт www.nn.by зь люстэркам за мяжою www.bielarus.info.

Адгортваецца новая старонка ў гісторыі газэты.

У Рэдакцыю тэлефануюць дзясяткі людзей. Многія плачуць: «Мы ня зможам бяз «Нашай Нівы». Для нас гэта быў адзіны суразмоўца на роднай мове». Ня плачце, людзі. Вы адстаіце сваю газэту. Але калі ўжо расплакаліся, запомніце гэтыя сьлёзы. Кожная сьлязінка — гэта рахунак, па якім вы аднойчы запатрабуеце аплаты.

Многія чытачы заклікаюць да вулічных акцыяў пратэсту. У гэтым ці ёсьць сэнс. Давайце прыберажом сілы. Галоўным нашым пратэстам будзе, калі газэта застанецца газэтай, нягледзячы ні на што, і не ператворыцца ў баявы лісток. Каб газэце захавацца, проста дашліце свае адрасы ў Рэдакцыю і пералічыце на рахунак «НН» прыватнае ахвяраваньне з разьліку 6 000 рублёў на месяц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0