Мухавец на мяжы з Жабінкаўскім раёнам, фота 112.by.

Мухавец на мяжы з Жабінкаўскім раёнам, фота 112.by.

Па інфармацыі «Брэсцкай газеты»: «Брэсцкім раённым выканаўчым камітэтам у асобе старшыні Мацук В.А., заключаны дагавор ад 2014/04/01 г. (тэрмінам на 5 гадоў) з ТАА «Белэлектростроймонтаж», у асобе дырэктара Церашынскага В.Р., аб прадастаўленні ў арэнду размешчанага на тэрыторыі Брэсцкага раёна ўчастка ракі Мухавец працягласцю 10 км ад мяжы горада Брэста да мяжы з Жабінкаўскага раёна, у тым ліку кар'ер Шчэбрын, Ямно, для вядзення рыбалоўнай гаспадаркі шляхам прамысловай лоўлi рыбы з ужываннем ставных сетак і невада (сеткі стаўныя агульнай даўжынёй да 1000 метраў, невад — да 200 метраў, пасткі (жакі) — 30 шт.)». Мяркуецца, што ў бліжэйшы час будзе ўведзена і аплата за аматарскую лоўлю рыбы.

Абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) звярнулася са спецыяльна прынятым заявай у пракуратуру і дзяржаўны кантроль.

«Намі накіраваныя звароты ў Брэсцкую абласную пракуратуру і Камітэт дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці. Дадзены ўчастак р. Мухавец у адпаведнасці з Законам РБ «Аб ахове навакольнага асяроддзя» належыць да прыродных тэрыторый якія падлягаюць спецыяльнай ахове.

Дадзеная тэрыторыя ракі Мухавец ўнікальная, бо гэтаму ўчастку ўласцівая вялікая разнастайнасць іхціяфаўны, тут месцы нерасту і зімавальныя ямы. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі нетры, воды, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы.

Мы, сацыял-дэмакраты, лічым, што натуральныя прыродныя водныя аб'екты не могуць быць прадметам арэнды з мэтай прамысловай лоўлі рыбы. У народзе гэта называюць «узаконеным браканьерствам», — каментуе сітуацыю старшыня абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі

Паводле Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства РБ арандатар абавязаны праводзіць наступныя аднаўленчыя мерапрыемствы: «правядзенне зарыблення рыбалоўных угоддзяў у адпаведнасці з рыбоводно-біялагічнымі абгрунтаваннямі або біялагічнымі абгрунтаваннямі».

Гэта проста немагчыма на рацэ. Еўрапейскі сом, жэрах, судак, лешч, лінь і іншыя віды рыб — гэта не карп або карась. Як у такім выпадку арандатары збіраюцца зарыбляць гэтымі відамі рыб дадзеныя 10 км у той час, калі і тэхналогій па штучным выгадоўванні многіх відаў рыб у Беларусі практычна няма?!

«Мы лічым, што прамысловы адлоў рыбы на ўчастку ракі Мухавец будзе аказваць шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе і біялагічную разнастайнасць. Наступствы прамысловага адлову прывядуць да прамых парушэнняў Закона РБ «Аб ахове навакольнага асяроддзя». Таму мы патрабуем правесці належную праверку на прадмет законнасці заключэння дагавора арэнды р. Мухавец», — дадаў Ігар Маслоўскі.

Было таксама заяўлена аб пачатку кампаніі накіраванай на вяртанне ў агульнадаступнае карыстанне ўчастка ракі Мухавец яго сапраўдным гаспадарам — народу Беларусі.

Па словах палітыка, кампанію падтрымалі рэгіянальныя прадстаўнікі «Гавары праўду!», Беларускага Хельсінскага Камітэта, Свабоднага прафсаюза Беларускага, ініцыятывы «Наш Горад», жыхары Брэста.

Актывісты плануюць арганізаваць шырокую грамадскую кампанію, збор подпісаў пад зваротам, іншыя легальныя спосабы для адмены Брэсцкім раённым выканаўчым камітэтам дамовы на арэнду ракі Мухавец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?