У Мінску 9 жніўні праходзіў 18-ы турнір па футболе «Кубак Свабоды» памяці беларускага палітыка Генадзя Карпенкі.

Сёлета ў турніры ўзялі ўдзел 12 каманд.

Па выніках лёсавання яны былі размеркаваныя на чатыры групы.

У першай згулялі каманды аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларускі рух», Партыі БНФ і тэлеканала «Белсат»,

другой — Аб'яднанай грамадзянскай партыі, руху «За Свабоду» і арганізацыі «Маладая Беларусь»,

трэцяй — Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), газеты «Наша ніва» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада),

чацвёртай — Беларускага Хельсінкскага камітэта, аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

У фінале аб'яднаная каманда Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) і аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» выйграла ў леташняга чэмпіёна — каманды БАЖ. Трэцяе месца заняў «Беларускі рух».

Перамогу чэмпіёны прысвяцілі палітвязню Мікалаю Статкевічу. Пасля вызвалення палітыка яны абяцаюць уручыць гэты прыз Статкевічу.

«Мы верым, што гэты наш маленькі ўклад у падтрымку Мікалая паспрыяе таму, каб ён хутчэй ўключыўся ў нашу каманду. Мы верым у яго, хай і ён у нас не сумняваецца. Наш Кубак - для Мікалая. І гэты Кубак Свабоды мы абавязкова яму ўручым. Гэта яго перамога «, - пракаментаваў рашэнне каманды актывіст Кірыл Жываловіч.

Турнір «Кубак Свабоды» праводзіцца з 1997 года. Спаборніцтвы былі прымеркаваныя да прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, і ў іх актыўна ўдзельнічаў Генадзь Карпенка. Пасля смерці палітыка турнір назвалі яго імем.

Як адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сёлета спаборніцтвы атрымаліся больш прадстаўнічымі — да іх далучыліся чатыры новыя каманды. Складанасцяў з арэндай поля ў арганізатараў не было, а вось падчас турніру ён заўважыў некалькіх чалавек «у цывільным», якія назіралі за гульнёй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?