На ўнутраны рынак Беларусі не паўплываюць расійскія абмежаванні на пастаўкі прадукцыі з Захаду. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч 11 жніўня абмеркавалі пытанні транзіту з іншых краін праз Беларусь тавараў на расійскую тэрыторыю.

«Што датычыцца нашага ўнутранага рынку, мы [з Пуціным] асобна абмеркавалі гэта пытанне. Гэта наша ўнутраная справа. Патрэбны нам польскія яблыкі — мы купляем, але не для Расіі, а для ўнутранага рынку. Патрэбны нейкія нямецкія далікатэсы — таксама набываем для ўнутранага спажывання. Трэба нам нешта перапрацоўваць — мы купляем і перапрацоўваем», — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама падкрэсліў, што «ў сувязі з гэтым мы павінны быць сумленнымі і, як абяцалі, вельмі прыстойна праводзіць палітыку ў адносінах да Расіі».

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу Міхаіла Мясніковіча на чэргі на граніцы і папрасіў уважліва паставіцца да людзей, якія там цяпер знаходзяцца.

«Рашэнне было ўведзена без папярэджання, нечакана. І на граніцы сабралася пэўная колькасць аўтамашын, рэфрыжэратараў, у тым ліку з прадуктамі, якія хутка псуюцца. Не трэба гэтых людзей крыўдзіць. Па-першае, гэта ж нашы і расійскія перавозчыкі - вадзіцелі, экспедытары. Па-другое, тавар аплачаны і закантрактаваны. Па-трэцяе, проста не па-чалавечы будзе, калі мы да гэтых людзей ненармальна паставімся», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што папярэдзіў старшыню мытнага камітэта: «Дзейнічаць аж да таго, што калі пастаўшчык накіроўваў у Расію тавар і яго там сёння не прымаюць, трэба прапанаваць яму прадаць на нашай тэрыторыі ці ж забраць тавар для перапрацоўкі. Гэта значыць, тут трэба вельмі акуратна паступіць і ў адносінах да заходніх пастаўшчыкоў, каб мы па-чалавечы выйшлі з гэтай сітуацыі. Я думаю, гэта будзе не на шкоду Расіі. Гэта не супярэчыць абавязацельствам, якія мы ўзгаднілі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?