Студэнтку Гарадзенскага ўнівэрсытэту Юлію Касьпер (IV курс, гістарычны факультэт) 6 красавіка дапыталі ў КДБ і правялі ператрус ейнага пакоя ў інтэрнаце паводле ордэра, выдадзенага пракурорам. Дзяўчыну выклікалі з заняткаў як сьведку ў справе фальсыфікацыі подпісаў за вылучэньне А.Казуліна кандыдатам на прэзыдэнта. Калі яна адмовілася даваць паказаньні, КДБісты прыгразілі, што яна можа ператварыцца зь сьведкі ў падазраваную: «Вам так мала гадоў, а вы можаце сесьці па крымінальнай справе».

Пры ператрусе былі канфіскаваныя старыя заявы кандыдатаў на ўваходжаньне ў арганізацыю «Маладыя сацыял-дэмакраты» (не існуе, у 2005 г. аб’ядналася з «Маладой Грамадой»), друкаваная літаратура.

Як кажа дзяўчына, 5 сакавіка двое невядомых у цывільным правялі догляд ейнага пакою ў ейную адсутнасьць і пакінулі запіску-запрашэньне наведаць КДБ. Адсутнасьць рэакцыі на запіску зь ейнага боку і змусіла КДБістаў забраць яе проста з заняткаў.

У сакавіку Юлія Касьпер адбыла 7 сутак арышту ў турме на Акрэсьціна за ўдзел у намётавым гарадку на Пляцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0