«Сёння настаўніца геаграфіі сказала, што Італія падобная да бота. — Італія падобная да раю, гэта ты падобная да бота!» —«барадаты» анекдот не хлусіць. Італія — сапраўды тая краіна, куды хочацца вяртацца зноў і зноў. 

Бо кожны раз Італія розная. Менавіта ў Італіі знаходзіцца найбольшая колькасць аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЭСКА: ажно 50. Поўнач не падобная да цэнтральнай часткі, Цэнтральная Італія не падобная да Паўднёвай. Гаворка пойдзе пра самы паўднёвы рэгіён Італіі — Сіцылію.

Як дабрацца? 

Від на горад Трапані.

Від на горад Трапані.

Дабрацца да найбуйнейшай міжземнаморскай выспы з Беларусі няцяжка. Лоўкост-авіялініі зрабілі калі не свет, дык Еўропу дакладна бліжэйшай да нас. Рэгулярныя рэйсы кампаніі Ryanair да Трапані лётаюць з літоўскага Каўнаса і Варшавы. Пералёт туды-назад абыдзецца прыкладна ў 100—150 еўра з чалавека.

Дзе жыць?

Дом у Катаніі. 

Дом у Катаніі. 

На Сіцыліі няцяжка знайсці таннае жытло. Шукаць лепш праз сэрвісы кшталту Booking.com ці Airbnb. Аўтар гэтага матэрыялу патраціў на жытло за 7 начэй у трох розных гарадах 370 еўра. Аднак кошты, вядома, залежаць ад сезона. Самы гарачы месяц як у плане надвор’я, так і ў плане турыстычных выдаткаў — жнівень.

Вуліца ў Палерма, на якой гандлююць выключна веласіпедамі.

Вуліца ў Палерма, на якой гандлююць выключна веласіпедамі.

Трэба ведаць, што на Сіцыліі вельмі мала «традыцыйных» гатэляў. Жытло для турыстаў існуе ў выглядзе B&B (Bed&Breakfast, ці «ложак і сняданак»).

B&B можна параўнаць з кватэрамі ці пакоямі на суткі для адной-дзвюх асоб. У B&B няма рэцэпцыі з адміністратарам, як у гатэлі, ды і можа не быць ніякага сэрвісу: пры засяленні вам даюць ключ — і рабі, што хочаш. Але перад гэтым уладальнікі апартаментаў захапляльна раскажуць вам пра ўсе цікавыя месцы, дадуць карту мясцовасці і карткі на зніжку ў рэстаранах і барах.

Грузавы матаролер, аформлены ў стылі традыцыйных сіцылійскіх вазоў. 

Грузавы матаролер, аформлены ў стылі традыцыйных сіцылійскіх вазоў. 

Такі спосаб пражывання надзвычай камфортны. Асабліва, калі ўдасца зняць пакой з кухняй. Тады можна не клапаціцца аб харчаванні, а закупіць прадукты ў найбліжэйшым супермаркеце і паспрабаваць прыгатаваць сапраўдную італьянскую пасту. Да таго ж з высокай верагоднасцю жыць давядзецца ў звычайным доме сярод італьянскіх сем’яў — атрымаецца поўнае пагружэнне ў культуру краіны.

Аднак не забудзьцеся дамовіцца з супрацоўнікамі B&B аб часе засялення, вазьміце кантактны нумар тэлефона і электронную пошту, інакш можна ўперціся ў зачыненыя дзверы і пабегаць па горадзе ў пошуках ключа.

Чым харчавацца?

Галодным на Сіцыліі застацца немагчыма — праблема ў тым, каб не аб’есціся. Італьянская кухня па праве лічыцца адной з самых дасканалых у свеце, ёй прысвечаная не адна сотня кніг. На Сіцыліі яна яшчэ і вельмі «хатняя».

Аб узросце хлеба ў гэтай самабытнай вітрыне можна толькі здагадвацца, але свежы хлеб на Сіцыліі можна купіць у любой пякарні штораніцы — яны пачынаюць працу яшчэ да світання.

Аб узросце хлеба ў гэтай самабытнай вітрыне можна толькі здагадвацца, але свежы хлеб на Сіцыліі можна купіць у любой пякарні штораніцы — яны пачынаюць працу яшчэ да світання.

У Італіі існуе сапраўдны культ аліўкавага алею, таму звыкніцеся з думкай, што ўсё будзе тануць і сачыцца ім: ці то салата, ці сандвіч з кулінарыі. Вядома, аснову харчавання любога італьянца складае паста, а піцу і паніні (італьянскі бутэрброд) можна набыць абсалютна паўсюль.

Але на Сіцыліі варта зрабіць акцэнт на мясцовыя багацці: садавіну, гародніну, рыбу і морапрадукты.

Рынак у Палерма. 

Рыбы і морапрадуктаў сіцылійцы ядуць шмат, ды яны і вельмі танныя. На рыбных рынках (якія самі па сабе ёсць турыстычнай цікавосткай) прадаюць свежавылаўленую рыбу і працуюць амаль ад світанку. Цэны таксама ўражваюць. Кіло свежай рыбы ці морапрадуктаў каштуе 5—10 еўра. Гонар кожнага прадаўца — рыба-меч, галаву якой выкладаюць на лёд пікай уверх. Кілаграм гэтай дзіўнай рыбы каштуе 13 еўра.

У рэстаранах можна наесціся прыкладна на 10—15 еўра на чалавека без алкаголю.

У цэнтры любога прылаўка з рыбай — галава рыбы-меч. 

У цэнтры любога прылаўка з рыбай — галава рыбы-меч. 

Цэны могуць вагацца ў той ці іншы бок у залежнасці ад рэстарана і яго папулярнасці ў турыстаў. Лепш усё ж харчавацца ў невялікіх рэстаранах для мясцовых: і смачна, і танна. Варта каштаваць пасту з морапрадуктамі, супы з малюскамі, рыбныя стэйкі. Асобна стаіць кускус — паўночнаафрыканская страва, якая вельмі папулярна і на Сіцыліі. У горадзе Сан Віта ла Капа праводзіцца нават фестываль кускусу.

Статуя Іаана Прадцечы. У знешнім аздабленні на Сіцыліі можна часта сустрэць кафлю. 

Статуя Іаана Прадцечы. У знешнім аздабленні на Сіцыліі можна часта сустрэць кафлю. 

Налягайце на садавіну! У параўнанні з Беларуссю яна каштуе проста нічога. Напрыклад, тры кілаграмы апельсінаў на рынку абыдуцца ў два еўра. Але такіх смачных і спелых апельсінаў у Беларусі наўрад ці можна знайсці. Спякотным днём цудоўна падмацавацца салатай. Наборы з зеляніны, таматаў, аліўкавага алею і воцату прадаюцца ў любой краме і каштуюць каля 2—3 еўра. У рэстаране салата ўдвая даражэйшая.

Безгаловая статуя рымскага імператара ў парку Катаніі. 

Безгаловая статуя рымскага імператара ў парку Катаніі. 

Калі захочацца перакусіць проста на вуліцы, любы сіцыліец вам адразу параіць аранчыні. Гэта традыцыйная мясцовая страва ўяўляе сабой даволі вялікі смажаны шар з рысу, унутры якога знаходзіцца рагу і сыр мацарэла.

Што рабіць?

Самае галоўнае пытанне: што ж рабіць на Сіцыліі? Тут кожны вырашае для сябе, хоць Сіцылія задаволіць любы запыт. Выспа, абложаная Міжземным морам, мае сотні кіламетраў цудоўных пляжаў. Для пляжнага адпачынку лепш выбраць невялікі горад ці вёску на беразе мора. У іх няма праблем з вялікай колькасцю людзей, ды і адпачываюць у такіх месцах пераважна італьянцы ці еўрапейцы. Гатэлямі і кропкамі харчавання звычайна валодаюць сем’і, што пакіне надзвычай прыемнае ўражанне ад сэрвісу і якасці паслуг. У вялікіх гарадах таксама ёсць пляжы, але яны бруднейшыя і дабірацца на іх трэба транспартам. 

Вуліца сярэднявечнага горада Эрычэ, які знаходзіцца на вяршыні 700-метровай гары.

Вуліца сярэднявечнага горада Эрычэ, які знаходзіцца на вяршыні 700-метровай гары.

Час пад пякучым сонцам, што ўдзень вісіць перпендыкулярна зямлі, цягнецца сапраўды павольна і лянотна. Аднак праляжаць увесь адпачынак на беразе мора — злачынства.

Вулкан Этна. 

Вулкан Этна. 

Сіцылія вартая, каб падарожнічаць па ей. Можна хадзіць у горы ці займацца скалалажаннем, можна замовіць прагулку на яхце ці паспрабаваць сябе ў віндсёрфінгу. Варта проста праехацца праз усю выспу, паглядзець на вінаграднікі і аліўкавыя гаі, на палі збожжа, што раскінуліся наўпрост на горных схілах.

Цікава будзе наведаць Эрычэ — некрануты сярэднявечны горад на гары вышынёю 750 метраў. Ад горада Трапані да яго можна дабрацца на фунікулёры ці аўтобусе. З Эрычэ адкрываюцца фантастычныя па сваёй прыгажосці панарамы.

Этна мае некалькі сотняў кратэраў. На фота: кратэр Сільвестры. 

Этна мае некалькі сотняў кратэраў. На фота: кратэр Сільвестры. 

Нельга пабыць на Сіцыліі і не ўзысці на Этну, самы высокі актыўны вулкан у Еўропе. Цэны на экскурсіі пачынаюцца ад 50 еўра. Але ўваход на турыстычныя сцежкі бясплатны, і калі вам нецікава слухаць пра гісторыю пра стадыі фармавання вулкана, можна ўзысці на Этну самастойна. На жаль, дабрацца з Катаніі да пачатку сцежак атрымаецца хіба што на ўласным аўтатранспарце. Пры гэтым не забудзьцеся цёплыя рэчы, капялюш і крэм для загару. На вышыні 2000 метраў прахладна, але сонца вельмі небяспечанае і можа лёгка апячы.

Дэманстрацыя супраць ФІФА і Чэмпіянату свету па футболе, якую зладзілі актывісты ў Катаніі. 

Таксама на Сіцыліі варта з'ездзіць у Сіракузы, радзіму Архімеда, ці наведаць дзіўны горад-крэпасць Эну, які месціцца на плоскай гары і дамы ў якім літаральна звісаюць з абрываў.

Сіцылійцы выпускаюць безліч сувеніраў з Марлонам Брандо ў вобразе хроснага бацькі італьянскай мафіі донам Віта Карлеонэ. 

Сіцылійцы выпускаюць безліч сувеніраў з Марлонам Брандо ў вобразе хроснага бацькі італьянскай мафіі донам Віта Карлеонэ. 

Што б вы ні рабілі на Сіцыліі, галоўнае — сплануйце гэта загадзя.

Пачытайце форумы з парадамі для турыстаў, прадумайце свой маршрут і актыўнасць. Бо, на жаль, сіцылійцы дрэнна валодаюць англійскаю моваю і слаба накіроўваюць інфраструктуру на замежнікаў. Таму разбірацца на месцы будзе цяжка — лепш некалькі лішніх гадзін правесці ў кампаніі анлайн-перакладчыка, і тады незабыўны адпачынак вам гарантаваны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?