Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату абрала новым прадстаяльнікам мітрапаліта Ануфрыя.
Ён лічыцца кампраміснай фігурай.
Ва ўлонні УПЦ адны, пераважна з усходу ды поўдня, хочуць ліквідацыі ўкраінскай дзяржаўнасці і зліцця з РПЦ. Лідарамі гэтай партыі лічацца намеснік Кіева-Пячорскай лаўры Павел і мітрапаліт Адэскі Агафангел.
Іншыя, пераважна выхадцы з цэнтра краіны і маладзейшыя, бачаць будучыню ва ўтварэнні саборнай і самастойнай Украінскай праваслаўнай царквы шляхам злучэння існых канфесій. Лідарам гэтай партыі называлі мітрапаліта Вінніцкага Сімяона.
Ануфрый, як лічыцца, трымае асцярожную дыстанцыю і ад адных, і ад другіх. Аднак у цэлым ён усё ж таксама прыхільнік канцэпцыі «рускага свету».
Галасаванне праходзіла ў 2 туры.
У другім туры за мітр. Ануфрыя аддалі галасы 48 епіскапаў Украінскай Праваслаўнай Царквы.
Пасля 1-га тура галасы лідараў размяркоўваліся наступным чынам: мітрапаліт Чарнавіцкі і Букавінскі Ануфры — 36, мітрапаліт Барыспальскі і Браварскі Антоні — 24, мітрапаліт Вінніцкі і Барскі Сімяон — 9.
Украінская праваслаўная царква нават і Маскоўскага патрыярхата абірае свайго кіраўніка сама. А ў Беларускую праваслаўную царкву яго прызначае Масква. Гэтак быў прызначаны мітрапаліт Павел, які да Беларусі перад тым не меў ніякага дачынення.