Сёння на стадыёне «Трактар» у Мінску адбыўся перанесены матч 19-га тура чэмпіяната Беларусі па футболе. «Дынама» прымала БАТЭ.

Да гульні фаварытам і лідарам падышлі мінчукі, які апярэджвалі барысаўцаў на два пункты, а яшчэ адну гульню мелі ў запасе. У выпадку перамогі перавага «Дынама» магло б патэнцыйна скласці зусім непрыстойныя восем пунктаў.

Ініцыятывай у гульні валодалі гаспадары. Але нарэшце ўпэўнена згуляў брамнік барысаўцаў Сяргей Чэрнік, які некалькі разоў выратаваў каманду. У пасляматчавым інтэрв’ю трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч сказаў, што яны не планавалі гуляць другім нумарам.

У сярэдзіне першага тайма БАТЭ нечакана забіў. Падача вуглавога ў выкананні Сяргея Крыўца скончылася дакладным ударам галавой Міхаіла Гардзейчука. Паўабаронца не забіваў з вясны, калі атрымаў траўму.

Другі гол быў забіты ў самай канцоўцы першай паловы гульні. Зноў адзначыўся Сяргей Крывец, які ўдарыў па варотах. Гутар адбіў мяч перад сабой, а Ілля Алексіевіч дабіў прадмет гульні ў вароты – 2:0.

У другім тайме хутчэй БАТЭ мог рабіць лік буйным (напрыклад, Радзівонаў трапіў у штангу), чым «Дынама» адыграцца.

Цяпер БАТЭ выйшаў на першую пазіцыю ў табліцы, на адзін пункт апярэдзіўшы «Дынама», але мінчукі ўсё адно маюць матч у запасе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?