Надзвычайны і паўнамоцны пасол Грузіі ў Беларусі Давід Залкаліяні прыбудзе ў Мінск у найбліжэйшы час, паведамляе ІА «Новости-Грузия» са спасылкай на грузінскае МЗС.

Нагадаем, Д.Залкаліяні быў прызначаны на пасаду надзвычайнага і паўнамоцнага пасла ў Беларусі ў верасні. Раней займаў пасаду дырэктара дэпартамента глабальных адносін МЗС Грузіі. У інтэрв’ю БелаПАН пасля свайго прызначэння дыпламат заявіў: «Еду з намерам паслядоўна ўмацоўваць нашы двухбаковыя адносіны. У гэтых адносінаў цяпер добры фон, асабліва пасля прыезду ў Мінск міністра ўнутраных спраў Вано Мерабішвілі (18 верасня). Выказванні, што прагучалі на сустрэчы з беларускім прэзідэнтам, вельмі абнадзейваюць». Паводле слоў Д.Залкаліяні, асаблівы ўпор у сваёй працы ён мае намер зрабіць на развіцці двухбаковых эканамічных сувязей.

Пасол не лічыць, што раней адносіны Беларусі і Грузыі былі канфрантацыйнымі. «У час ускладнення адносін Грузіі і Расіі Беларусь не ўвяла санкцыі ў дачыненні да грузінскіх тавараў і захавала свабоду перасоўвання для грамадзян Грузіі, пакінуўшы ў дзеянні бязвізавы рэжым. Спадзяюся, так будзе і надалей», — зазначыў ён.

Паводле слоў дыпламата, у Мінск ён збіраецца прыехаць адзін. Сям’я, дзе выхоўваюцца дзве дачкі (13 і 11 гадоў), пакуль застанецца ў Грузіі.

***

Давід Залкаліяні нарадзіўся 27 лютага 1968 г. у Тбілісі. Кар’ерны дыпламат. Скончыў юрыдычны факультэт Тбіліскага дзяржаўнага універсітэта па спецыяльнасці юрыст-міжнароднік. У МЗС Грузіі з 1992 года. У 1996—2004 гадах працаваў у пасольствах сваёй краіны ў Аўстрыі і ЗША, з’яўляўся намеснікам пасла Грузіі пры АБСЕ. З 2004 па 2007 гады — пасол ва Узбекістане і Таджыкістане. Са студзеня 2007 года — дырэктар дэпартамента глабальных адносін грузінскага МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0