Нядаўна беларусы былі абураныя продажам у царкоўнай лаўцы мінскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора кніг «Абарона Данбаса. Ігар Стралкоў — жах бандэраўскай хунты» Міхаіла Палікарпава і «Украіна. Хаос і рэвалюцыя — зброя долара» Нікалая Старыкова.

Кнігі «Абарона Данбаса. Ігар Стралкоў — жах бандэраўскай хунты» Міхаіла Палікарпава і «Украіна. Хаос і рэвалюцыя — зброя долара» Нікалая Старыкова ў царкоўнай лаўцы Свята-Петра-Паўлаўскага сабора 10 жніўня. Фота Наталлі Васілевіч. 

Кнігі «Абарона Данбаса. Ігар Стралкоў — жах бандэраўскай хунты» Міхаіла Палікарпава і «Украіна. Хаос і рэвалюцыя — зброя долара» Нікалая Старыкова ў царкоўнай лаўцы Свята-Петра-Паўлаўскага сабора 10 жніўня. Фота Наталлі Васілевіч. 

Тая ж палічка на наступны дзень. Прадавачка запэўніла, што кнігі раскупілі. 

Тая ж палічка на наступны дзень. Прадавачка запэўніла, што кнігі раскупілі. 

Акалічнасці таго, як кнігі трапілі на прылавак, чытайце ў свежым нумары «Нашай Нівы». Але ў сітуацыі з продажам кніг ёсць і іншы цікавы момант. Як высветлілася, абараніць свае правы ў царкоўнай лаўцы зусім не проста.

Першым дзеяннем, пра якое думае незадаволены кліент — пакінуць запіс у кнізе заўваг і прапаноў, якая мусіць весціся ў кожнай краме. Але паскардзіцца на асартымент тавараў, што закранае вашыя пачуцці, у кнігарні Свята-Петра-Паўлаўскага сабора не атрымаецца. На пытанне, ці ёсць кніга скаргаў у лаўцы, прадавачка Марыя толькі ўсміхнулася і паціснула плячыма: «Пра кнігу скаргаў нічога не ведаю». Марыя пранавала выказваць заўвагі напрамую настаяцелю царквы — чалавеку, які і фарміруе асартымент крамы.

Кнігарня Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску. 

Кнігарня Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску. 

Каб паглядзець, ці з'яўляецца такая сітуацыя выключнай, карэспандэнт «НН» зазірнуў у яшчэ адну царкоўную лаўку, гэтым разам пры суседнім Свята-Духавым саборы. У невялікім памяшканні лаўкі няма абсалютна ніводнага намёка на «куток пакупніка» ці хоць якую інфармацыю пра аб'ект гандлю. Вядома, касавага апарата і кнігі заўваг і прапаноў таксама няма. Пасля кароткай гутаркі з супрацоўніцай крамы становіцца зразумелай прычына.

Справа ў тым, што, паводле словаў прадавачкі, у царкоўнай лаўцы не ажыццяўляецца гандаль: усе рэчы раздаюцца выключна за міласціну, а сама лаўка не з'яўляецца гандлёвым аб'ектам.

 Дзіўна, але аддаць дыхтоўную і, гледзячы па ўсім, дарагую кнігу за міласціну ў 5-10 тысячаў рублёў прадавачка адмовілася: «У нас ёсць рэкамендаваны памер міласціны за кожную кнігу. Часам людзі пакідаюць ахвяраванні на добрыя справы. Нядаўна мне пакінулі 10 тысячаў, і я магу выкарыстаць гэтую суму, каб аддаць вам кнігу танней».

Кніжная лаўка Свята-Духава сабора ў Мінску. 

Кніжная лаўка Свята-Духава сабора ў Мінску. 

Прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы пратаірэй Сяргей Лепін пацвердзіў слушнасць словаў прадавачкі: у храмах не гандлююць:

«Крамы пры цэрквах маюць такі статус, які не патрабуе ад іх усталявання касавых апаратаў і выдачы чэкаў. У ніводнай краме Беларускай праваслаўнай царквы вам не выдадуць чэк. Кніг скаргаў там таксама не прадугледжана. Калі вы хочаце паскардзіцца, падыйдзіце да настаяцеля, выкажыце. Царква — гэта не магазін у пэўным сэнсе гэтага слова. Таму прад'яўляць патрабаванні, якія дзейнічаюць для крамаў, да царквы нельга».

На жаль, Сяргей Лепін у сваім каментары памыліўся не адзін раз. Па-першае, нават прадавачка Марыя з Свята-Петра-Паўлаўскага сабора была гатовая выпісаць чэк і «нават паставіць на яго штамп». Па-другое, Беларусь пакуль што з'яўляецца свецкай дзяржавай, дзе ўсе рэлігійныя і нерэлігійныя арганізацыі роўныя перад законам.

І кніжка, і чэк

Каб даведацца, ці падпарадкуюцца лаўкі пры цэрквах і храмах агульным правілам гандлю, «НН» звярнулася ў Міністэрства па падатках і зборах.

У адказе ад прэс-цэнтра МПЗ тлумачыцца, што царкоўныя крамы, як і любыя іншыя аб'екты гандлю, мусяць весць кнігу заўваг і прапаноў:

«Артыкулам 16 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 1992 года «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» вызначана, што з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійная арганізацыя набывае статус юрыдычнай асобы. Рэлігійныя арганізацыі як юрыдычныя асобы карыстаюцца правамі і выконваюць абавязкі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і сваімі статутамі.

У адпаведнасці з артыкулам 24 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» кніга заўваг і прапаноў вядзецца ў арганізацыі, яе адасобленых падраздзяленнях, размешчаных па-за месцам знаходжання арганізацыі, а таксама ў месцах рэалізацыі імі тавараў, выканання работ, аказання паслуг. Такімі месцамі, згодна з пералікам месцаў рэалізацыі арганізацыямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі тавараў, выканання работ, аказання паслуг, у якіх вядзецца кніга заўваг і прапаноў, у адпаведнасці з зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 сакавіка 2005 г № 285, з'яўляюцца гандлёвыя аб'екты (за выключэннем перасоўных сродкаў развазнога і разноснага гандлю), гандлёвыя месцы.

Пад гандлёвым аб'ектам разумеецца капітальны будынак (будынак, збудаванне) або яго частка (часткі) альбо часовая канструкцыя, якая не з'яўляецца капітальным будынкам (будынкам, збудаваннем) або яго часткай, абсталяваныя гандлёвым абсталяваннем, прызначаным для продажу тавараў (пункт 40 артыкула 1 закона Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 2014 года «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь»).

З улікам выкладзенага гандлёвыя аб'екты, якія знаходзяцца пры рэлігійных арганізацыях і якія ажыццяўляюць рэалізацыю рэлігійнай літаратуры і іншых культавых прадметаў, абавязаны весці кнігу заўваг і прапаноў у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Арганізацыя абавязана прад'яўляць кнігу заўваг і прапаноў па першым патрабаванні заяўніка. Адмова арганізацыі ў прадастаўленні кнігі заўваг і прапаноў можа быць абскарджана ў вышэйстаячую арганізацыю.

Адмова арганізацыі, якая не мае вышэйстаячай арганізацыі, у прадастаўленні кнігі заўваг і прапаноў можа быць абскарджана ў суд у парадку, устаноўленым заканадаўствам».

Ля царкоўнай лаўкі Свята-Духава сабора ў Мінску. 

Ля царкоўнай лаўкі Свята-Духава сабора ў Мінску. 

Што тычыцца чэкаў, то закон вызваляе гандаль прадметамі рэлігійнага культу і рэлігійнай літаратурай ад неабходнасці карыстацца касавымі апаратамі. Аднак па патрабаванні пакупніка ў любой з такіх крамаў можа быць выдадзены дакумент, які пацвярджае факт набыцця тавару, выканання работы, аказання паслугі. 

Трэба адзначыць, што выключэннем ёсць гандаль вырабамі з каштоўных металаў і каштоўных камянёў: ён мусіць ажыццяўляцца з касавым апаратам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?