Севярынец выступіў у Беластоку — цэнтры Падляшша, рэгіёна Польшчы, дзе адвеку жывуць і беларусы.

Нагодай для сустрэчы стала прэзентацыя кнігі «Беларуская глыбіня», складзенай з эсэ, якія Павел Севярынец пісаў у «Нашай Ніве» ў часе адбыцця трохгадовага пакарання за падзеі Плошчы-2010. Аднак большая частка сустрэчы з сустаршынём аргкамітэта па стварэнні партыі БХД прысвечана была актуаліям.

«Увесь рэгіён ад Балтыкі да Чорнага мора прыйшоў у рух, – сказаў Севярынец. — у рух гістарычны, геапалітычны. І ў гэтым руху адно з пытанняў – які далейшы шлях абярэ беларускі народ. Становішча Беларусі на гэтым украінскім разломе вызначаецца тым, што шмат расейскай прапаганды, людзі глядзяць расейскія тэлеканалы, і ў вельмі значнай ступені стан дэмакратычных сіл у Беларусі пагоршаў, бо цяпер любая актыўнасць, любы заклік да пераменаў успрымаецца як скажоны праз расейскія тэлеканалы заклік да гвалту, да крыві.

З другога боку, нават Лукашэнка зразумеў, што жарцікі скончыліся, што наступнай можа быць Беларусь. Можна казаць пра тыя знакі ці сігналы, што сам Лукашэнка ці некаторыя губернатары пачынаюць размаўляць крыху па-беларуску. Але можна казаць і пра тое, што сутнасць рэжыму не змянілася, ніякіх зменаў унутры рэжыму, якіх-небудзь зрухаў у бок Еўропы, у кірунку аддзялення ад Расеі пакуль не бачна. Як не бачна і павароту да дэмакратыі.

У такім стане мы падыходзім да 2015 года, які ў Беларусі ёсць годам прэзідэнцкіх выбараў, няхай так назавём яго. Лукашэнка кажа, што гэта выбары, мы разумеем, што ніякіх выбараў у Беларусі няма. Ёсць толькі палітычная кампанія, якая паклікана чарговы раз пацвердзіць, што сфальсіфікаваны 80 ці 90% галасоў, якія нібыта падтрымалі Лукашэнку і ягоны рэжым.

Адзіны лідар беларускіх дэмакратычных сілаў. Перад кожнай так званай прэзідэнцкай кампаніяй гэтае пытанне ўздымаецца. У 2001 і 2006 годзе дэмакратычным сілам удавалася вылучыць адзінага. У 2010 гэтага не было. Пасля 2010-га большая частка палітычных лідараў, якія ўдзельнічалі як кандыдаты ў прэзідэнты, апынуліся ў турме.

Для мяне гады зняволення былі своеасаблівай працай над памылкамі. Я вынес з гэтага ідэю пра тое, што ў Беларусі мусіць быць адзіны лідар ад апазіцыі, які мусіць несці адказнасць і казаць адным голасам. Таму гэтая задача стала перад кіраўнікамі дэмакратычных сіл, сярод якіх на сёння Беларускі Народны Фронт, Рух «За свабоду», Аб’яднаная грамадзянская партыя, «Справядлівы свет», «Гавары праўду!», сацыял-дэмакраты і, канечне ж, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, што бяруць удзел у кансультацыях.

На дадзены момант у нас ёсць 5-старонкавы ўзгоднены дакумент працэдуры Кангрэса дэмакратычных сіл, якім можа быць абраны гэты лідар. Ёсць 2 няўзгодненыя абзацы, па якіх мы не можам прыйсці да супольнага рашэння. Але спадзяюся, што напачатку восені мы вызначымся з кандыдатам, стратэгіяй ці хаця б працэдурай абрання гэтага адзінага кандыдата.

Мы верым у тое, што Беларусь рана ці позна, але прыйдзе да сістэмы, характэрнай для спелых дэмакратыяў. Гэта калі ёсць дзве моцныя партыі. Адна з іх, скажам, правацэнтрысцкая, больш праеўрапейская хрысціянская дэмакратыя, а другая – сацыялістычная ці сацыял-дэмакратычная, бліжэйшая па арыентацыі да Расеі, як гэта, у прынцыпе, і ёсць у рэгіёне. Ну, і мы як Беларуская хрысціянская дэмакратыя працуем ужо цяпер над гэтым, каб такая платформа ўжо была падрыхтавана для Беларусі», — расказаў Севярынец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0