Эрык Франке

На зьмену Валерыю Ланавенку, які сышоў у Apple, прыйшоў былы прэзыдэнт расейскай «Комстар‑ОТС» Эрык Франке.

Разам з галяндцам Эрыкам Франке адказнасьць за дзейнасьць Microsoft у нашай краіне нясе мэнэджар Microsoft па працы з партнэрамі ў Беларусі Андрэй Баюшчанка, паведамляе «Ежедневник». Паводле зьвестак «Е», новы кіраўнік украіна‑беларускага прадстаўніцтва Microsoft неаднаразова выклікаў нараканьні з боку ўласьнікаў «Комстар‑ОТС» за марудныя тэмпы разьвіцьця кампаніі. І, нібыта, украінскі офіс Microsoft чакае тое самае. Адзначаецца, што з моманту, калі беларускі рынак з зоны ўплыву маскоўскага прадстаўніцтва кампаніі фармальна перайшоў пад кіраўніцтва ўкраінскага офісу, у нас спыніліся рэформы і фінансаваньне софтвэрных праектаў. Адзіным выйсьцем з сытуацыі спэцыялісты лічаць адкрыцьцё ў Менску асобнага рэгіянальнага прадстаўніцтва, што можа адбыцца ў 2009 г. Аднак усё будзе залежыць ад аб’ёмаў яго фінансаваньня.

Варта нагадаць, што неаднойчы ад пачатку функцыянаваньня беларускага прадстаўніцтва Microsoft уздымалася пытаньне пра стварэньне беларускамоўнай вэрсіі Windows. У верасьні 2006 г. Андрэй Баюшчанка паведаміў пра адпаведны праект, паабяцаўшы беларускамоўныя Windows у чэрвені 2007 г. Аднак улетку бягучага году высьветлілася, што справа так і скранулася зь месца. Адказваючы на пытаньне журналістаў пра лёс праекту, тагачасны кіраўнік прадстаўніцтва кампаніі Microsoft па Украіне і краінах СНД Валеры Ланавенка зазначыў наступнае: «Пасля кансультацый з шэрагам дзяржаўных установаў, а таксама з нашымі партнэрамі мы бачым, што попыт на беларускамоўны варыянт нашых прадуктаў будзе невысокі. Microsoft — камэрцыйная кампанія. Калі мы прымаем рашэньні па лякалізацыі нашых прадуктаў, мы арыентуемся на спажыўцоў. Праект, напэўна, будзе разьвівацца, але не ў тыя тэрміны, якія мы першапачаткова плянавалі».

***

Эрык Франке нарадзіўся ў 1955 г. Скончыў Дэльфцкі ўнівэрсытэт. Працаваў у кампаніях Erіcsson, Konіng&Hartman, Golden Telecom. У 2001 г. Эрыка Франке прызначылі Генэральным дырэктарам кампаніі UMC. У 2005 г. заняў пасаду першага віцэ‑прэзыдэнта кампаніі МТС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?