Кіраўнікі дзяржаў — членаў Мытнага саюза запрасілі прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку на перамовы ў Мінск. Аб гэтым паведаміў дарадца ўкраінскага прэзідэнта Юрый Луцэнка. 

«Прэзідэнта Парашэнку запрашаюць прэзідэнты краін Мытнага саюза на перамовы. Адміністрацыя прэзідэнта Украіны цяпер высвятляе, пра што гаворка, таму што нам не паведамілі, пра што жадаюць гаварыць кіраўнікі дзяржаў. Хоць карысныя размовы — гэта лепш, чым вайна, але трэба ўсё ж разумець, што будзе адбывацца ў Мінску», — заявіў Луцэнка 14 жніўня ў праграме «Время. Итоги дня» на ўкраінскім 5 канале. 

Ён падкрэсліў, што цяпер адміністрацыя ўкраінскага прэзідэнта высвятляе парадак дня перамоў. 

Нагадаем, аб тым, што прэзідэнты краін — членаў Мытнага саюза гатовыя правесці ў Мінску сустрэчу з Парашэнкам, заяўляў і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У прыватнасці, падчас наведвання Бярозаўскай ДРЭС 14 жніўня ён заявіў, што «ёсць такая ідэя, паколькі ўзнікае маса пытанняў», па-першае, у сувязі з падпісаннем Украінай Дагавора аб асацыяцыі з ЕС. «Па-другое, у сувязі з увядзеннем Расіяй эмбарга на пастаўкі некаторых тавараў у Расійскую Федэрацыю стварылася іншая сітуацыя, і нам было б вельмі важна ў Мытным саюзе абмеркаваць гэту другую праблему», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?