Буйным крамам і гандлёвым сеткам забаранілі прымушаць пастаўшчыкоў забіраць пратэрмінаваны тавар. Такая інфармацыя са спасылкай на намесніка міністра гандлю Беларусі Ірыну Наркевіч размешчана на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Беларус. 

«Законам «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь» уведзены забароны і абмежаванні, якія выключаюць магчымасць для рознічных сетак аказваць націск на пастаўшчыкоў, асабліва якія вырабляюць прадукцыю, у тым ліку фермераў, — сказала Ірына Наркевіч. — У прыватнасці, буйным крамам і гандлёвым сеткам забаронена прымушаць пастаўшчыкоў харчовых тавараў да заключэння дагавораў на набыццё імі тавараў, якія аб'екты гандлю не змаглі прадаць да заканчэння тэрміну годнасці. Аднак добраахвотнае заключэнне такіх дагавораў не будзе з'яўляцца парушэннем забароны, устаноўленай гэтай нормай». 

Акрамя таго, цяпер уладальнік буйной крамы або гандлёвай сеткі не мае права ўключаць у дагавор пастаўкі тавару патрабаванне аб аплаце за разгрузку транспарту, прыёмку тавараў, падрыхтоўку тавараў да продажу, фасоўку, выкладку ў гандлёвай зале і г.д. 

Забаронена таксама ўключаць у дагавор пастаўкі патрабаванне аб аказанні пастаўшчыкам паслуг, звязаных з папулярызацыяй тавару, напрыклад яго рэкламы. Паводле слоў намесніка міністра, бонусы, рэкламу тавару і іншыя аналагічныя паслугі пастаўшчык і ўладальнік крамы або сеткі могуць агаварыць у асобных дагаворах. «Суб'ект гандлю і пастаўшчык тавараў маюць права заключыць адначасова дагавор пастаўкі і дагавор аб аказанні паслуг (рэкламных, маркетынгавых), у тым ліку і пагадненне (дагавор) аб выплаце гандлёвай прэміі», — растлумачыла Ірына Наркевіч. 

Намеснік міністра таксама дадала, што па ініцыятыве вытворцаў айчыннай прадукцыі былі скарочаны тэрміны аплаты асобных відаў харчовых тавараў. Цяпер у залежнасці ад тэрмінаў годнасці канкрэтнага віду харчовых тавараў аплата павінна быць ажыццёўлена ў тэрмін ад 10 да 45 каляндарных дзён з дня прыёмкі. У прыватнасці, для тавараў, тэрмін годнасці якіх складае менш як 10 дзён, аплата павінна ажыццяўляцца на працягу 10 дзён. Прадукцыю, тэрмін захоўвання якой ад 10 да 30 дзён, трэба аплачваць не пазней за 30 дзён. Для тавараў тэрмінам годнасці больш як 30 дзён максімальны тэрмін аплаты складае 45 дзён. 

Закон «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь» уступіў у сілу 22 ліпеня бягучага года і накіраваны на ўпарадкаванне адносін у сферы гандлю і грамадскага харчавання, фарміраванне канкурэнтнага асяроддзя, абарону інтарэсаў малога, сярэдняга бізнесу, спажыўцоў і вытворцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?