Грамадства55

Пяць фактаў пра звольненага сёння Аляксандра Якабсона

Сёння Аляксандр Лукашэнка звольніў старшыню Камітэта дзяржкантроля Аляксандра Якабсона. Паведамляецца, што ён будзе пераведзены на іншую пасаду. Выконваючым абавязкі старшыні КДК прызначаны Леанід Анфімаў.

Карэнны гамяльчук

Якабсону 63 гады, ён нарадзіўся ў Гомелі. Кажуць, што ў добрым гуморы нават мог расказаць пра жыццё на роднай вуліцы Лазневая Алея (цяпер ужо проста Лазневая). Потым вучыўся ў Беларускім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарта. Своеасаблівая кузня кадраў — адтуль выйшлі былы прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі, былы старшыня КДБ Леанід Ерын, міністр транспарту Анатоль Сівак. Адразу па сканчэнні ВНУ Якабсон накіраваўся на будаўніцтва Кандалакшскага марскога гандлёвага порту ў савецкае Запаляр’е (Мурманская вобласць).

Ён некалькі разоў прызнаваў, што як гарадскі жыхар не заўсёды разумеў спецыфіку працы на вёсцы і сутыкаўся з сельскагаспадарчай прадукцыяй толькі на ўзроўні гатовага тавару. Таму перш-наперш на пасадзе старшыні Гомельскага аблвыканкама ён занурыўся ў вывучэнне сельскай гаспадаркі.

Кіраўнік «СНІДагорска»

Так у пачатку 1990-х часта называлі горад Светлагорск. Аляксандр Якабсон на працягу 11 гадоў узначальваў мясцовы гарвыканкам (1986—1996). «Гэты час я ўспамінаю з асаблівым трапятаннем. Там адбывалася маё сталенне, гэтыя гады я лічу найлепшымі ў сваім жыцці», — узгадваў Аляксандр Серафімавіч.

Малады горад Светлагорск, якому на той час не было і трыццаці гадоў (раней на гэтым месцы была вёска Шацілкі) стаў цэнтрам беларускай наркаманіі. У горадзе дзейнічалі хімічны завод, электрастанцыя, кардонны камбінат. Амаль не было прыватнага сектара. Людзі прыязджалі з розных канцоў СССР. Лічбы 1996 года казалі, што ў Светлагорску жыло амаль 800 ВІЧ-інфікаваных.

Якабсон, натуральна, спрабаваў разганяць мясцовыя прытоны, але не заўсёды ўдавалася. Дарэчы, у намесніках Якабсона ў Светлагорску быў Уладзімір Патупчык, які цяпер займае пасаду міністра энергетыкі.

Наступнік Вайцянкова

У 2001 годзе Аляксандр Якабсон узначаліў Гомельскі аблвыканкам. Узначаліў пасля любімага ў народзе кіраўніка Мікалая Вайцянкова. Таго самага Вайцянкова, які не проста не падтрымаў Лукашэнку на выбарах 1994 года, але і нават адмовіўся сустрэцца з такім кандыдатам у прэзідэнты. Пасля Чарнобыля Вайцянкоў быў сярод тых, хто рабіў усё, каб абараняць людзей ад дурных загадаў з Масквы і Мінска. Тысячы людзей яму за гэта асабіста ўдзячныя.

Таму Якабсону было няпроста заставацца на ўзроўні папярэдніка. Кажуць, што ў працоўным кабінеце Якабсона доўгі час быў толькі стол і шафа. Толькі ў апошні год кіравання кабінет значна павялічылі, усталявалі душавую кабінку, новую мэблю. «Мае самапавагу і сваю пазіцыю, зразумела, у рамках сістэмы», - кажуць пра яго гамельчукі.

Збольшага водгукі пра Якабсона як пра звычайнага выканаўцу, а не пра творчага работніка. Некалькі разоў ён пазбягаў сустрэчаў з еўрапейскім інвестарамі, абы чаго не выйшла. Сам Гомель Якабсон зрабіў дагледжаным, а вось па вобласці (асабліва ў заражаных радыяцыях раёнах) заставаліся пытанні.

Пострах чыноўнікаў

Апошнія амаль чатары гады Аляксандр Якабсон працаваў на пасадзе старшыні КДК. З гэтай пасады ён мог наводзіць страх на сотні арганізацый і установаў краіны. Не дай Бог дашлюць праверку!

Калі Лукашэнка прамаўляў «іменем рэвалюцыі», то наступная фраза найчасцей накіроўвалася да Якабсона, каб ягонае ведамства разабралася з парушэннямі, безгаспадарлівасцю і неахайнасцю. У рабочых паездках кіраўніка дзяржавы Якабсон заўсёды быў дзесьці па правую ці левую руку.

Зрэшты, не заўсёды быў у фаворы. Па выніках працы па мадэрнізацыі «Барысаўдрэва» Якабсон атрымаў строгую вымову. Зрэшты, іншыя страцілі пасады і нават волю.

Часам Якабсон выступаў у ролі рэфарматара. Напрыклад, прапаноўваў перавесці Мінскі аблвыканкам у Заслаўе, а абітурыентам прапаноўваў здаваць чатыры экзамены замест трох цяперашніх. А вось падчас валютнага крызісу 2011 года не знайшоўся сказаць нічога іншага, апроч: «Тут трэба штосьці рабіць».

Сын у «Беларуснафце»

На мінулым тыдні ў Аляксандра Якабсона памерла жонка, Галіна Калатухіна. Магчыма, за гэтым і хаваецца адстаўка кіраўніка КДК.

Сын Аляксандра Серафімавіча Тарас Якабсон займае пасаду намесніка дырэктара «Беларуснафта-Нафтахімпраект», раней ён узначальваў Мінскае абласное аддзяленне кампаніі.

Каментары5

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Жонка агента-каханка Анжалікі Мельнікавай звязаная з арганізацыяй Руская мадэль эфектыўнага спакушэння21

Жонка агента-каханка Анжалікі Мельнікавай звязаная з арганізацыяй Руская мадэль эфектыўнага спакушэння

Усе навіны →
Усе навіны

«Сыходзіць эпоха навуковага стэндапу». Бесараб пра зняцце з пасады былога кіраўніка Акадэміі навук10

«Раніцай купіў даляры, увечары ўжо не здаць». Ці зменяцца правілы ў абменніках і што банкі робяць з «дрэннай» валютай1

«Страляй у бура». Што паказаў Дональд Трамп прэзідэнту Паўднёвай Афрыкі10

Адна з арганізатарак жаночых маршаў Настасся Касцюгова пачала выкладаць у нідэрландскім універсітэце9

Кая Калас: Сербія павінна зрабіць геапалітычны выбар7

«Храм — гэта і бальніца, і школа!» У Магілёве сабралі сотні подпісаў супраць будаўніцтва царквы ў Пячэрскім лесапарку11

Авіялініі могуць увесці стаячыя месцы ўжо ў 2026 годзе2

«Ішла закрываць бальнічны». Бацька пра памерлую ў бальніцы ў Ельску 14-гадовую дачку5

Беларус з хваробай Альцгеймера прапаў у Варшаве

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жонка агента-каханка Анжалікі Мельнікавай звязаная з арганізацыяй Руская мадэль эфектыўнага спакушэння21

Жонка агента-каханка Анжалікі Мельнікавай звязаная з арганізацыяй Руская мадэль эфектыўнага спакушэння

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць