Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з Малайзіяй, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у ходзе сустрэчы 19 жніўня ў Мінску з намеснікам спікера Палаты прадстаўнікоў парламента Малайзіі Рональдам Кіандзі.

Кіраўнік МЗС адзначыў, што ў ходзе візіту ў Беларусь малайзійскай дэлегацыі будуць абмяркоўвацца новыя перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва бакоў. Ён выказаў упэўненасць, што візіт Кіандзі, які з'яўляецца кіраўніком беларуска-малайзійскай парламенцкай групы дружбы, будзе садзейнічаць нарошчванню супрацоўніцтва паміж краінамі ў розных сферах.

«Мы спадзяёмся, што кантакты паміж парламентамі Беларусі і Малайзіі будуць садзейнічаць развіццю двухбаковых кантактаў», — сказаў Макей.

Візіт парламенцкай дэлегацыі Малайзіі праходзіць з 18 па 22 жніўня.

Запланаваны таксама сустрэчы малайзійскай дэлегацыі з кіраўніцтвам розных міністэрстваў і ведамстваў. Дэлегацыя наведае ААТ «Беларуськалій», ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў», ААТ «Мінскі трактарны завод», Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, малочнатаварны комплекс ААТ «Гастэлаўскае», Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?