Сваякі выкрадзеных у Беларусі апазыцыйных палітыкаў Зінаіда Ганчар, Ірына Красоўская, Сьвятлана Завадзкая, Вольга Завадзкая, а таксама іх юрыдычныя прадстаўнікі Гары Паганяйла і Алег Воўчак перадалі генэральнаму пракурору Беларусі дакумэнт, угрунтаваны на выніках грамадзкага расьсьледаваньня гэтых гучных спраў.

Перададзены ў пракуратуру дакумэнт фактычна зьяўляецца абвінаваўчай высновай. Да яго прыкладаецца хадайніцтва.

«У хадайніцтве выкладзеная просьба, каб факты, адлюстраваныя ў дадзеных дакумэнтах, былі ўважліва вывучаныя і знайшлі рашэньне ў межах кампэтэнцыі генэральнай пракуратуры. Счакаем месяц, а пасьля будзем вырашаць, чаму пракуратура гуляецца з намі ў хованкі. Гэта наш апошні зварот у генэральную пракуратуру на нацыянальным узроўні. Пасьля гэтага мы пяройдзем на стадыю рэалізацыі міжнародных мэханізмаў для вырашэньня праблемы зьніклых», — заявіў юрыдычны прадстаўнік сям’і Завадзкіх Гары Паганяйла.

Беларускія праваахоўчыя органы так і не далі адказу, хто выкраў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранку, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага. Міжнародныя арганізацыі — ААН, АБСЭ, Рада Эўропы — падазраюць у далучнасьці да гэтых зьнікненьняў высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Ірына Халіп, «Новая газета»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0