Я вельмі даўно не была ў сядзібе Таварыства беларускай мовы, і вось сёння забегла туды, каб напісаць пра імпрэзу. Імпрэза была някепская. Але ўвесь час, пакуль я знаходзілася там, мне страшна хацелася збегчы з гэтага месца. Я сядзела пры бляклым жоўтым святле, глядзела на абшарпаную фарбу, старыя крэслы, раскіданыя газеты ТБМ, якія ніхто не чытае, але іх працягваюць выдаваць і выдаваць, каб яны ляжалі мертвым грузам на такіх жа мёртвых і старых сталах. Я глядзела на непрыгожыя календары і безгустоўна расклееныя выявы беларускіх дзеячаў і мне станавілася агідна.

Я злавала на сябе, бо нельга так казаць пра сваё, але калі табе агідна, ты нічога не можаш з гэтым зрабіць. У выніку я вырашыла сабе не хлусіць.

Пры ўсёй павазе да іх дзейнасці, такія месцы як ТБМ Беларусі супрацьпаказаны. Я скажу «дзякуй» ім за іх працу, але калі ты не маеш прэзентабельнага і прывабнага выгляду для людзей, плён любой працы губляецца.

Калі я трапляю на сядзібу ТБМ, мяне нібыта адкідвае на год 30 назад. І не таму што ў іх грошай няма, грошы тут ні пры чым. Я думаю, моладзь лёгка дапамагла б упрыгожыць месца, абнавіць і ўнесці ў яго нешта сучаснае. Справа проста ў нейкім здранцвенні.

Беларушчына павінна быць эстэтычнай і адпавядаць плыні часу! Толькі ў такім выпадку яна зможа быць прывабнай для моладзі. Калі ТБМ мае намер рабіць нешта толькі для пенсіянераў, то у іх гэта выдатна атрымліваецца. Але гэта тупік.

Беларусам трэба забараніць наведваць такія месцы, пасля якіх хочацца пашкадаваць беларускую культуру. А яе шкадаваць не трэба, бо яна не такая.

* * *

А вось якая дыскусія на тую ж тэму была 14 гадоў назад:

Андрэй Дынько. Хто не змяніўся ці што не змянілася

Алег Трусаў. «Наша Ніва», на жаль, жаўцее…

Андрэй Дынько. Справа наша і Маша

Ці што памянялася за 14 гадоў? Што? Што яшчэ мусіць змяніцца? Абмяркоўвайце, выказвайцеся — у каментах і артыкулах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?