«На сталинской высотке в Москве вандалы вывесили флаг Украины», — такім загалоўкам адыёзны расійскі сайт «Лайфньюз» адрэагаваў на ранішнюю навіну. Аўтары не шкадавалі эпітэтаў для тых, хто апаганіў святое месца, збудаванае пад кантролем Берыі. У падзагалоўку адзначаецца, што «злоумышленники выкрасили в сине-желтый цвет звезду» на тым доме. Далей аўтар матэрыяла задаецца пытаннем, як «хуліганы» трапілі ў элітны будынак на Кацельніцкай набярэжнай. Выказваецца нават меркаванне, што праз шахту ліфта. Версія «возможно, они там живут» не прагучала, хоць выглядала б лагічнай. Версія «прилетели на летающей тарелке из Вашингтона», да гонару «Лайфньюса», таксама адсутнічае.
У найбліжэйшы час, запэўнівае «Лайфньюз», пачнецца дэмантаж сцяга і «вяртанне зорцы першапачатковага колеру», а пакуль праваахоўнікі «вывучаюць месца здарэння». Відаць, стаяць ля 176-метровай паруганай святыні і піхаюць адзін аднаго локцямі: «лезь ты!» «сам лезь!»