Шаноўнае спадарства! Адбылася самая важнецкая падзея ў жыцці нашага грамадства. Якая? 30 жніўня 2014 года мы ўрачыста праводзім на пенсію нашага дарагога і нястомнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку.

Думаецца мне, што на пенсію Аляксандр Рыгоравіч не пойдзе, а працягне працаваць на сваёй пасадзе яшчэ не адзін дзясятак год, толькі б ягонае здароўе гэтаму паспрыяла.

Але ж адзначыць гэтае яго дасягненне (дасягненне пенсійнага веку) трэба, і не проста так, віншавальнымі паштоўкамі, але і з падарункамі.

Тут павінны сказаць сваё важкае слова нашы дэпутаты, бо ў іх руках заканадаўчая ўлада. Я ім зараз нагадаю, якія пастановы яны павінны тэрмінова прыняць. А то так запрацаваліся ў мяккіх крэслах (а хто і прыдрамаў), што могуць і прапусціць святочную падзею.

1. Пенсія Аляксандра Рыгоравіча павінна складаць не менш за дзесяць тысяч даляраў у месяц. Больш можна, а менш — ні ў якім разе. Гэта і не такія вялікія грошы, многія хакеісты атрымліваюць значна больш.

2. Прысвоіць Аляксандру Рыгоравічу, як Галоўнакамандуючаму ўзброенымі сіламі нашай краіны, воінскае званне «маршал Рэспублікі Беларусь».

3. Дэпутаты абедзвюх палатаў на агульным сходзе павінны прыняць закон, згодна з якім Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, як першы прэзідэнт нашай рэспублікі, за асаблівыя заслугі, у якасці выключэння, становіцца пажыццёвым прэзідэнтам да тае пары, пакуль сам па стане здароўя або па іншых прычынах не адмовіцца ад пасады.

І мы ашчадзім сотні мільёнаў рублёў, якія, лічы, на вецер выкідваюцца на чарговых прэзідэнцкіх выбарах, якія заўсёды з лёгкасцю выйграе Аляксандр Рыгоравіч.

Тут хачу некалькі слоў сказаць пра спадарыню Ярмошыну. Мне яе шкада да слёз, бо яна са сваім штабам чэсна падлічвае галасы.

А наша апазіцыя кожныя выбары несправядліва папракае яе, што галасы падтасавалі. А гэта ж проста атрымліваецца такі вялікі працэнт галасоў за Аляксандра Рыгоравіча, што няёмка агучваць — за восемдзесят працэнтаў. Бывалі нават выпадкі, што сам прэзідэнт раіў ёй зменшыць гэты працэнт.

Канечне, калі закон пра пажыццёвае прэзідэнцтва будзе прыняты, ва ўсіх апазіцыянераў перахопіць на нейкі час дыханне… Але крыху пакрычаць, вып’юць пляшку-другую і, я так думаю, супакояцца. Бо добра ведаюць, што сярод іх будучага кіраўніка дзяржавы няма.

Значыць, дэпутаты прымуць закон. Калі ж браць усіх нас, беларусаў, дык прапаную пусціць шапку па коле. Хай даюць усе, ад бамжоў да алігархаў «у законе» і «ценевікоў», хто колькі зможа — і сабраць грошы на двух рахунках: рублёвым і валютным на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Каб наш прэзідэнт, калі выйдзе на пенсію, меў крыху запасу «на чорны дзень». Бо ў яго тры сыны, ды і ўнучкі ў хуткім часе адна за адной будуць выходзіць замуж… І кожнай у пасаг трэба даць не менш за сто тысяч даляраў. Алігархі павінны ў добраахвотна-прымусовым парадку адваліць у гэтую шапку да дзевяноста працэнтаў гадавога прыбытку. Я думаю, што супрацоўнікі КДБ ім у гэтым дапамогуць.

Праўда, нядобразычліўцы кажуць сцішаным голасам на кухнях, што ў Аляксандра Рыгоравіча крыху ёсць за мяжою валютнага запасу. З’явіўся ён у першы год прэзідэнцтва, калі распрадавалася ўзбраенне былога Саюза, вось так… Асабіста я ў гэтыя байкі не веру. Бо ў той час стаялі заводы, шахцёры грукаталі каскамі перад Домам урада. Аляксандр Рыгоравіч на такое пайсці не мог…

Тут многія крычаць, што Аляксандр Рыгоравіч апошні дыктатар Еўропы, маўляў — неабмежаваная ўлада! А як іначай?! Зрабіць так, каб кіраўнік краіны не мог зняць з пасады міністра, які каторы год, як кажуць у народзе, «мышэй не ловіць»

Трэба ісці на паклон да дэпутатаў, а тыя за яго заступяцца. Як кіраваць краінай? Асабіста я лічу, што прэзідэнту трэба даць яшчэ больш правоў. Каб ён мог чыноўніка, якога злавілі на хабары, большым за мільён даляраў, без суда ў той жа дзень садзіць у турму год на пятнаццаць. А то суды, адвакаты… А там глядзіш — ён праз год-другі разгульвае на волі…

Цяпер Аляксандр Рыгоравіч зможа крыху разбагацець, бо будзе працягваць працаваць, атрымліваць пенсію, ну і мы ўсім кагалам падкінем яму на рахунак, які, дарэчы, будзе пастаянна адкрыты да тае пары, пакуль ён не сыдзе з пасады…

Але замену Аляксандру Рыгоравічу рыхтаваць трэба, бо працягласць жыцця ў беларускіх мужчын не вельмі ўражвае, многія нават да сямідзесяці не дацягваюць.

Днямі Аляксандр Рыгоравіч у адной размове сказаў, што ў рэспубліцы ёсць каля трыццаці чалавек, з якіх хтосьці праз нейкі час заменіць яго… А пакуль тое, пажадаем яму моцнага здароўя і поспеху ў працы на пенсіі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?