Від на сталіцы Гвінеі Канакры

Від на сталіцы Гвінеі Канакры

Уладзімір Бруй з калегам распальваюць лазню ў Гвінеі.

Уладзімір Бруй з калегам распальваюць лазню ў Гвінеі.

Карта Гвінеі

Карта Гвінеі

Страшная пагроза чалавецтву — новыя хваробы, ад якіх няма ратунку. Вось Эбола: восем з дзесяці хворых паміраюць. Навіны з Афрыкі прыходзяць трывожныя: трасца шырыцца ў Нігерыі, а таксама Сьера-Леонэ, Ліберыі і Гвінеі. Калісьці хваробы афрыканцаў нас мала хвалявалі. А цяпер свет глабалізаваны, людзі ездзяць, лётаюць зусюль.

Былы настаўнік замежных моваў з Нясвіжскага раёна Уладзімір Бруй акурат у Гвінеі працаваў. Нават хварэў там!

Спадара Бруя ў вёсцы Карцэвічы шануюць: ён былы настаўнік замежных моваў. І цяпер 66-гадовы знаўца не сядзіць без працы. Падрабляе перакладчыкам на Гарадзейскім цукровым заводзе.

«Упершыню я трапіў у Гвінею ў 2009 годзе. Прабыў там дзевяць месяцаў — у сталіцы, Канакры. Гэта вялікі партовы горад. Другі раз паехаў у 2010, ужо на пяць месяцаў — у правінцыю Фарана, мясцовасць, дзе жыве народ куранко.

Там шмат геолагаў, краіна мае гіганцкія запасы баксітаў (першае месца ў свеце!), ёсць там і золата, алмазы, руды, цыркон, рутыл, манацыт. Я і працаваў перакладчыкам у аўстралійскай геалагічнай кампаніі. Мясцовая мова ў Гвінеі — французская, бо краіна была французскай калоніяй. А дакументацыя ў нашай кампаніі вялася на англійскай. І вось я з гэтых дзвюх моваў перакладаў.

Цікава, што гвінейцам шмат гадоў убівалі ў галаву, што французы — гады і каланізатары. Але ж, калі дзяржава стала незалежнай, то пачалі псавацца дарогі, перасталі працаваць многія прадпрыемствы і электрастанцыі. І, дарэчы, за той час, калі СССР меў добрыя адносіны з Гвінеяй — у 1960-я і 1970-я — у лепшы бок там мала што змянілася.

Першы год я працаваў у асноўным у офісе. А калі прыехаў у другі раз, то ўвесь час жыў на базе ў джунглях. Там і захварэў. У маі там акурат пачынаецца сезон малярыйных камароў. Цікава, што адначасова з сезонам размнажэння малярыйных камароў у Гвінеі пачынае квітнець дрэва, якое мясцовыя жыхары называюць «смерць тубабу». «Тубабу» перакладаецца як «вялікая белая малпа» — так гвінейцы называюць белых.

Раней белыя масава паміралі ад малярыі, да якой еўрапейцы нязвыклыя. Але цяпер беласкурых ад малярыі памірае значна менш, чым мясцовых жыхароў.

Адзін раз мяне падлячылі, але ж праз пэўны час хвароба вярнулася. У нас быў добра ўладкаваны лагер, з аховай, доктарам і медсястрой. Калі прыйшоў час ад’язджаць дахаты, я з’ехаў, скончыў прымаць курс таблетак — і ўсё. Аніякіх наступстваў не адчуваю.

Малярыя ў Гвінеі — страшэнна распаўсюджаная хвароба, амаль як у нас насмарк.

Я не ведаю, колькі дакладна працэнтаў хворых ідзе да доктара, але, як мне здаецца, большасць займаецца самалячэннем. А гэта ўжо так — альбо на той бок, альбо на гэты. Альбо стане чалавеку лепш, альбо памрэ. І вось такія небаракі проста ляжаць на вуліцах і глядзяць у неба. Глядзяць такімі вачыма, у якіх ужо няма ніякай надзеі. Проста ляжаць на асфальце — і ўсё.

Калі ж выкарыстоўваюцца лекі, то перамагчы тую ж малярыю вельмі проста. Робяць аналізы, ставяць кропельніцы, літаральна два дні — і чалавеку становіцца намнога лягчэй. Каб пазбавіцца ад малярыі, трэба недзе пяць-шэсць кропельніц, па адной на дзень.

Але гвінейская медыцына — платная. Для простых людзей — дорага.

Я лячыўся аднойчы ў доктара, які, здаецца, быў выхадцам з Марока. Дык там быў добры кабінет, з добрай японскай апаратурай. Вядома, дазволіць сабе такое лячэнне могуць няшмат гвінейцаў.

Грошай там у людзей мала. Так, трошкі зарабляюць людзі на заводзе, які разлівае ваду, на бетонных заводах, можа, яшчэ ў маленькіх прыватных майстэрнях… Настаўнікі атрымліваюць заробкі і пенсіі, салдаты, афіцэры. І амаль усё. Да таго ж шмат беспрытульных, якія таксама хварэюць і хваробы разносяць.

Медыцына гвінейская трымаецца на прыезджых. Мясцовыя жыхары атрымліваюць медыцынскую адукацыю ў Расіі, багацейшыя — у Францыі і Англіі, але іх мала.

Уплыў на простых людзей маюць мясцовыя ведзьмакі і варажбіты.

Ратуюць людзей замовамі: і ад малярыі, і ад укусу змяі. Але колькі людзей сапраўды можа выратаваць мясцовы варажбіт, а колькі пасля яго «шаманстваў» памрэ — вось пытанне.

Дзяржаўнай медыцыны я там не бачыў. Усе медыцынскія ўстановы, якія я бачыў там, былі прыватнымі.

З тым узроўнем медыцыны, які там быў, Гвінея сама ніколі не дасць рады ліхаманцы Эбола. Трэба, каб дапамагала сусветная супольнасць. Але я спадзяюся, што ўсім светам зможам з гэтым справіцца. Бо былі ж і птушыныя грыпы, і атыповая пнеўманія — і ўдалося чалавецтву іх спыніць».

* * *

Гвінея

Дзяржава на захадзе Афрыкі. Мяжуе з Малі, Сенегалам, Гвінеяй-Бісау, Ліберыяй. Кот-д’Івуарам, Сьера-Леонэ. Тэрыторыя 245 тыс. кв. км (трохі большая за Беларусь). Насельніцтва — 11 млн чалавек.

Амываецца Гвінейскім залівам, а праз саму яе цякуць шматлікія рэчкі.

Першы прэзідэнт краіны Ахмед Сэку Турэ будаваў там сацыялізм, кіраваў 26 гадоў. Дабудаваўся да таго, што стаў рэгуляваць указамі колькасць гандляроў на базарах. Як толькі ён памёр, гэтую справу згарнулі.

Цяпер там шматпартыйная дэмакратыя, але народ моцна падзелены па племянной прыкмеце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?