Мінск запаўняецца натоўпамі студэнтаў, і цэны традыцыйна паўзуць уверх.
Колькі прыйдзецца заплаціць за здымную кватэру, залежыць ад розных фактараў: рамонту, месцазнаходжання і проста фарту.
Пакоі
Каштуе пакой у сталіцы ад 150 да 250 даляраў за месяц. Што датычыцца камуналкі, то звычайна яна дзеліцца ці на ўсіх, хто жыве ў кватэры, ці па колькасці пакояў.
Варыянты, таннейшыя за 150 даляраў, звычайна крыюць у сябе нейкі падвох. Хаця, вядома ж, бываюць і выключэнні.
Аднапакёўкі
Самыя «гарачыя піражкі» на рынку арэнднага жылля. Гэта ідэальны варыянт для маладой бяздзетнай сям’і і адзінокага спецыяліста, чый заробак трошкі перавышае сярэдні па горадзе. Выкласці за аднапакаёўку прыйдзецца ад 350 да 450 даляраў. Камуналка, вядома, аплачваецца асобна.
Для тых, хто ўсё ж такі шукае таннейшае жыллё, ёсць яшчэ адзін варыянт — кватэры без мэблі. Такую можна зняць за 300—350 даляраў. Але, хутчэй за ўсё, гэта будзе калі не Каменная горка, то Малінаўка.
Двухпакаёўкі
Асноўныя арандатары такіх кватэр — сям’я з дзецьмі ці двое сяброў. Каштуюць двухпакаёўкі ў сярэднім каля 500—550 даляраў. Значна таннейшых за паўтысячы даляраў двухпакаёвых кватэр няшмат. Звычайна цэннік не падае ніжэй за 450 даляраў. І ў такіх выпадках можна быць упэўненым: ці да метро вам прыйдзецца дабірацца не пяць і нават не дзесяць хвілін, ці інтэр’ер кватэры можна ахарактарызаваць як «у стылі СССР». А хутчэй за ўсё — і першае, і другое.
Трохпакаёўкі і іншыя
Цана на такія кватэры стартуе ад 600—650 даляраў і далятае да нябёсаў. У выпадку са шматпакаёўкамі ўсе законы як цэнаўтварэння, так і логікі губляюць сэнс.
Прымальны варыянт з трох пакояў у Мінску можна знайсці ў сярэднім за 700 даляраў. Але хапае прапаноў, зя якія просяць 1000 і больш.